Зміцер Ус не будзе прасіць аб памілаванні
51- 9.09.2011, 15:08
«Хай робяць, што хочуць, я нічога не падпішу», - перадала словы Уса ягоная жонка.
Жонка палітвязня Яўгенія паведаміла БелаПАН, што экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Зміцер Ус, які абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 верасня і адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі, не мае намеру падпісваць прашэнне аб памілаванні.
Муж сказаў ёй пра гэта гэта падчас суткавага спаткання. Яно адбылося 8-9 верасня.
«Хай робяць, што хочуць, я нічога не падпішу», - перадала словы Уса ягоная жонка. Па ейных словах, калі прыйдзецца, то Зміцер гатовы адседзець увесь прызначаны судом тэрмін.
Яўгенія сказала, што маральны стан мужа неблагі: «Трымаецца, малайчына».
Што тычыцца здароўя, то Усу прызначаная 3-я група інваліднасці. Працоўная, але палегчаная.
Па словах жонкі, Зміцер Ус паведаміў, што ў дачыненні да яго былі распачатыя дробныя правакацыі: нібыта адміністрацыя калоніі подсылала да зняволенага «шасцёрак», якія спрабавалі справакаваць яго на канфлікт, і назірала за ягонай рэакцыяй.
Наступнае кароткатэрміновае спатканне можа адбыцца ў снежні. Доўгатэрміновых, трохсуткавых, спатканняў Ус пазбаўлены з-за таго, што адмаўляецца падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта.