26 красавiка 2024, Пятніца, 19:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Універсітэты спыняюць набор на беларускую філалогію

32
Універсітэты спыняюць набор на беларускую філалогію

У Магілёве больш не будуць рыхтаваць педагогаў беларускай, а ў Мінскім педагагічным закрытыя адразу 4 спецыяльнасці беларускай філалогіі.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце вялікая рэформа — зачыняюцца сем педагагічных спецыяльнасцяў. Дзіўным чынам супала, што на чатырох з іх рыхтавалі менавіта філолагаў беларускай мовы. Пры гэтым набор на спецыяльнасці, на якіх рыхтуюцца расейскамоўныя філолагі, не скарочаны, піша «Наша Ніва».

У прыватнасці, у наступным годзе БДПУ адмовіцца ад падрыхтоўкі педагогаў па спецыяльнасцях «Беларуская мова і літаратура», «Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова», «Беларуская мова і літаратура. Ангельская мова», а таксама спецыялістаў па беларускамоўнай журналістыцы.

Акрамя гэтага, ва ўніверсітэце прыпыняюць навучанне гісторыкаў-географаў.

Цяпер галоўны педагагічны ўніверсітэт краіны будзе рыхтаваць настаўнікаў беларускай мовы толькі на дзвюх спецыяльнасцях. Расейскай мове будуць навучаць на трох спецыяльнасцях, дзве з якіх звязаныя для прэстыжнасці яшчэ і з кітайскай і італійскай мовамі.

Замест гісторыкаў і філолагаў у БДПУ будуць рыхтаваць біёлагаў і лагапедаў — менавіта такія спецыяльнасці адчыняцца ў 2012 годзе ва ўніверсітэце.

Выпадак з БДПУ — не адзіны.

Напрыклад, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Аркадзя Куляшова нядаўна абвясціў, што збіраецца адмовіцца ад прыёму студэнтаў на шэраг гуманітарных спецыяльнасцяў. У лік зачыненых трапіла і спецыяльнасць з профільнай беларускай мовай.

Як піша «Народная воля», сёлета тут не будзе прыёму студэнтаў на «беларускую і расейскую мовы», «гісторыю рэлігіязнаўства», «пачатковую адукацыю і выяўленчае мастацтва».

Па рэкамэндацыі Мінадукацыі, магілёўскі ўніверсітэт таксама плануе скараціць лік бюджэтных месцаў для эканамістаў, юрыстаў, журналістаў і настаўнікаў фізкультуры.

Чаму ўніверсітэты адмаўляюцца ад набору на спецыяльнасці, звязаныя менавіта з беларускай мовай?

Нядаўна Міністэрства адукацыі запатрабавала ад ВНУ скараціць набор на педагагічныя спецыяльнасці на 14%. Гэтым можна патлумачыць агульны трэнд на адмову ад прыёму будучых выкладчыкаў. Але аналіз папулярнасці настаўніцкіх спецыяльнасцяў дае несуцяшальную карціну.

У тым самым Педагагічным ўніверсітэце ўступная кампанія мінулага года на факультэце беларускай і расейскай філалогіі скончылася фактычным правалам.

Не знайшлося ахвотных вучыцца на пяці бясплатных месцах спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Нямецкая мова» і чатырох чалавек на бюджэт для спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Расейская мова і літаратура». Дарэчы, менавіта ад набору на гэтыя спецыяльнасці сёлета адмаўляюцца ў БДПУ.

Заробкі настаўнікаў малыя, таму людзі і не ідуць. Што да беларускай мовы, то грамадства тонка адчувае курс уладаў.

Беларускамоўнаму чалавеку няма як спадзявацца на кар’еру ў дзяржаўных органах. За 10 гадоў між апошнім і перадапошнім перапісамі колькасць людзей, якія размаўляюць удома па-беларуску, скарацілася амаль удвая, з 37% да 23%.

Таму не лепшая сітуацыя і ў іншых ВНУ краіны.

Напрыклад, у Берасцейскім дзяржаўным універсітэце: там на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (ангельская)» філфака ў 2011-м ніводзін абітурыент так дакументаў і не падаў. Вучыцца на выкладчыка ніхто не пажадаў, і 9 бюджэтных месцаў засталіся вольнымі. Верагодна, у 2012 годзе БрДУ таксама адмовіцца ад набору на гэту спецыяльнасць.

Можна канстатаваць: калі Аляксандр Лукашэнка застанецца пры ўладзе яшчэ доўга, беларускую мову чакае цяжкая доля.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках