25 красавiка 2024, Чацвер, 0:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: Грамадства разрывае сацыяльны кантракт з уладай

9
Вінцук Вячорка: Грамадства разрывае сацыяльны кантракт з уладай

На «парламенцкіх выбарах» яўка не перавышала 25%.

Пра гэта сайту charter97.org заявіў палітык Вінцук Вячорка.

- Якія вынікі сёлетняй кампаніі «выбараў»?

- Грамадства набыло іншую якасьць пасля шоку 2010-2011 году. А шок быў комплексны. Для прадэмакратычнай часткі грамадзтва – гэта «выбары» і пасьлявыбарчыя падзеі 2010 году, бульдозэрныя рэпрэсіі 2011 году, зацягваньне Беларусі ў нэаімпэрскія «эўразійскія» структуры. А для паспалітага чалавека гэта эканамічны шок: абвал нацыянальнай валюты, зьнішчэньне мэханізму крэдытаў для насельніцтва, удар па плянах пабудовы дабрабыту для мільёнаў людзей. У выніку – разбурэньне маўклівага сацыяльнага кантракту з уладай. Маўляў, яны нам не перашкаджаюць мець пражытковы мінімум, а мы не перашкаджаем ім, выконваючы рытуалы, ходзячы на іхныя «выбары», але і не задумваючыся пра вынік. Цяпер дарожка, па якой паўзла дзяржаўная сыстэма, размытая залевай і градам 2010-2011 году. Людзі больш ня хочуць выконваць рытуалы ляяльнасьці. Таму я не сумняваўся, што рэальны народны байкот адбудзецца. Хаця і чытаў на сайце паважанага сацыялагічнага агенцтва прагноз, што ў «парламэнцкіх выбарах» возьме ўдзел 60% беларусаў.

Я быў у складзе адной зь сетак незалежнага назіраньня, наша група працавала на пяці ўчастках 107-й выбарчай акругі Менску (Зялёны Луг, «Сельгаспасёлак»). Участкамі былі прадстаўленыя асноўныя сацыяльна-дэмаграфічныя групы: чыста прыватны сэктар, прыватны сэктар плюс старыя мікрараёны, новыя дамы. Мы лічылі «пагалоўе» вельмі жорстка. У першыя пяць дзён падлік цалкам супадаў з камісійным, стасункі з камісіямі былі не варожыя, нават зычлівыя. У сам дзень «выбараў» я быў на ўчастку ў 148-й школе. Недзе пад 6-7 гадзінаў, калі яўка не перавышала 25%, стаўленьне камісіі ды яе старшыні (дырэктаркі гэтай школы) да нас і агульная атмасфера рэзка пагоршыліся. Пэўна, паступіў нейкі загад.

Цікава, што наш падлік цалкам супадаў з падлікам прадстаўнічкі «сацыяльна-спартыўнай партыі» – таксама настаўніцы гэтай школы. Камісія з настаўнікаў і назіральнікі з настаўнікаў – толькі фармальна разьмеркаваныя паміж псэўдаструктурамі.

Я губляўся ў здагадках: што тут зробяць, каб «уратаваць» безнадзейна нізкую яўку? Ці ўкладуць бюлетэні ў пераносную скрынку? (Гэта адбылося ў суседняй гімназіі: назіральнікі не дапільнавалі, і ў маленькай скрынцы апынулася раптам 500 бюлетэняў.) Ці ўкінуць у вялікую скрынку, адцягнуўшы нашую ўвагу? Ці дабавяць на стол падчас «падліку»? Але я памыляўся. Усё было значна прасьцей.

Камісія пашыхтавалася вакол стала літарай «П» – да нас адкрытым бокам, не сваімі тыльнымі часткамі, за што шматкроць высьмейвалі тых камісараў раней. Дазволілі стаяць за 4-5 мэтраў, забараніўшы фільмаваць і выгнаўшы аднаго журналіста. Выклалі бюлетэні ды, ня лічачы, пазносілі на іншы стол, ад якога да нас было ўжо 15 мэтраў. Дырэктарка бяз каліва сумненьня й сумленьня абвясьціла лічбу ўдвая большую, чым рэальна іх там было: 805 замест 475. Вось так быў дасягнуты жаданы 51% яўкі. Але фота пакетаў нескарыстаных і галасаваных бюлетэняў у нас ёсьць, на ім добра відаць, што першых удвая болей.

Так рабілі ў бальшыні менскіх акругаў, дзе было назіраньне: беспардонна абвяшчалі высмактаную з пальца лічбу яўкі. Але рэальная лічба – 25-30%. Падобныя працэнты назіраў і апублікаваў і Васіль Палякоў з Гомеля, таму, мяркую, гэтую лічбу можна экстрапаляваць на ўсе вялікія й сярэднія гарады. А ў нас бальшыня жыве ў гарадах, у вёсках ужо даўно менш за 20% насельніцтва. Натуральна, там, дзе быў загон, – большыя лічбы. Але народны байкот адбыўся, і памянёнаму сацыялягічнаму агенцтву трэба пасыпаць галаву попелам.  

- Ці былі ў вашых камісіях «каруселі»?

- Не, мы не заўважылі, каб некага падвозілі транспартам. Але фіксавалі полава-ўзроставы склад тых, хто прыходзіў. З дому на вул. Гамарніка, дзе, як я лічыў, жывуць акадэмічныя навукоўцы, у першыя дні галасаваньня раўнамерна пайшлі мужчыны 35-40 гадоў, падцягнутыя, каротка стрыжаныя. Зьнянацку ўвечары ў нядзелю пайшлі цугам 30-40 сем'яў зь дзецьмі. Дзе іх налавілі, ня ведаю: ці на дзіцячай пляцоўцы, ці ў нейкім гуртку? Ужо цёмна, халодна, і раптам - зь дзецьмі... Ведаю, што «школьная» камісія ўгаворвала бацькоў вучняў. Але ўсё роўна гэта не дало выніку.

Галоўнае ня тое, ці ўжываліся «каруселі». Галоўнае – беспрэцэдэнтнае (а я ва ўсіх ранейшых кампаніях або ўдзельнічаў, або назіраў) нежаданьне людзей у гэтым браць удзел. З гэтай прынцыповай высновы павінны выбудоўваць пляны адказныя палітыкі. Хочаш называцца народнай апазыцыяй – слухай народ, а не замоўцаў палітычнага спэктаклю: уладных, усходніх ці заходніх. Адчуй атмасфэру ў грамадзтве. Палітычныя сілы, якія абвясьцілі байкот, улавілі тую атмасфэру.

- На сёньняшні дзень мы бачым, што людзі не падтрымліваюць уладу. А якія крокі трэба зрабіць, каб павесьці іх за сабою?  

- Часткаю паслання адказных палітыкаў да людзей мусіць быць тое, што яны хочуць пачуць: досыць прыніжэнняў, досыць гвалтоўных загонаў на рытуальныя падзеі (суботнікі, грашовыя паборы, прапагандысцкія акцыі, сьвяты накшталт дажынак). Гэткія рытуалы прыводзяць толькі да марнаваньня бюджэтных грошай і людзкога часу.

Ня кожны, хто расчараваўся ва ўладзе, вось так бярэ і падтрымлівае дэмакратычна-апазыцыйную постаць. Трэба мець давер у людзей, ведаць, што ім баліць, дапамагаць, калі людзі самі бяруцца бараніць сябе. Мае вялікую вагу падтрымка мясцовых пратэстаў. Усё важна: і пратэст бярозаўцаў ці жыхароў Рудзенску супраць сумнеўных хімічных заводаў, і вядомая беларуска-кітайская «вайна» ў Смалявічах, і менскія канфлікты, зьвязаныя з ушчыльняльным будаўніцтвам за грошы расейскіх алігархаў і зьнішчэньнем артэзіянскіх водазабораў у Сельгаспасёлку. Гэта не павінна разглядацца як «выбарчая кампанія». Дапамога людзям павінна не канвэртавацца ва ўдзел у рэжымных сцэнарах псэўдавыбараў, а спрыяць выяўленьню мясцовых лідэраў спаміж саміх тых людзей.

Ідзецца не пра цімураўскія кампаніі ўкручваньня лямпачак. Сацыяльныя праграмы павінны выконвацца зь бюджэту. Калі ўлада ад гэтага ўхіляецца, у яе «вызваляюцца» сродкі для АМАПу і дзьмутых праектаў накшталт лядовых палацаў і дажынак. І гэта ўжо палітычнае пытаньне: у нас няма рэальна абранай людзьмі ды падсправаздачнай ім улады. Трэба, каб кожны здольны мысьліць чалавек уцяміў гэта. Не было выбараў – няма рэальнага парлямэнту і наагул падзелу ўладаў. Менавіта цяпер маем шанец з гэтым тлумачэньнем дагрукацца да людзей, якія не хадзілі на «выбары» інтуіцыйна: ім трэба падвесьці пад гэтую інтуіцыю рацыянальнае тлумачэньне. Шматлікія шараговыя сябры камісіяў міжволі ці сьвядома сталі саўдзельнікамі фальсыфікацыяў. Я глядзеў тым настаўнікам у вочы, уголас казаў: «Хто сярод вас настаўніца этыкі? І што вы заўтра скажаце дзецям?» Некаторыя апускалі вочы, а некаторыя нахабна крычалі: «Прыбярыце фотакамэру!»

Многія слушна кажуць: трэба адзінства дэмакратычных сілаў. Але ж не любым коштам. Тыя, хто зазначыўся калябарацыяй, удзелам у рэжымных сцэнарах, наўрад ці змогуць абтрэсьціся й зьвяртацца да людзей, як быццам нічога не адбылося. Аб'яднаньне будзе жыцьцяздольным, калі ўгрунтуецца на аснове прынцыпаў і каштоўнасьцяў: гэтая ўлада нерэфармавальная; да зьменаў прывядзе воля народу і неабавязкова праз выбары; незалежнасьць краіны, нацыянальная годнасьць, беларуская мова й культура – абсалютныя каштоўнасьці.

Падзел апазыцыі быў прадвызначаны 2008-м годам. Частка палітыкаў заявіла, што цяперашняя ўлада можа выправіцца, зьмяніцца да лепшага і нават стаць гарантам незалежнасьці краіны. І раптам гэтая ўлада дазволіць ператварэньне былых апазыцыянэраў у «сыстэмную апазыцыю», і яны разам будуць бараніць незалежнасьць. Іншыя ж лічаць, што гэтая ўлада аб'ектыўна і суб'ектыўна ня здольная да зьменаў, што яна разбурае, а не ўмацоўвае эканоміку, дзяржаву, нацыянальную еднасьць – а значыць, разбурае незалежнасьць. Гэта стратэгічнае разыходжаньне, якое праявілася і ў паводзінах палітычных групаў падчас апошніх «выбараў»: байкот нерэфармавальнай улады разам з народам – ці саўдзел ва ўладным сцэнары. Надаць непазьбежнаму народнаму пратэсту палітычнае афармленьне здолеюць толькі тыя, хто заслужыць народны давер.

- Сёй-той з аналітыкаў разважае, што рэжым мог бы разьвівацца далей паводле сынгапурскага ўзору…

- У Сынгапуры многія гады трывала ўлада адной партыі. Палітычнага плюралізму там не было, і цяпер ёсьць праблемы, але гарантаваныя эканамічныя свабоды. Сынгапур эканамічна падняўся. А тутэйшага валадара цікавіць толькі захаваньне самаўладзтва. (Наагул паралеляў тут быць ня можа, Беларусь знаходзіцца ў эўрапейскім кантэксце.)

Рэальнай эканамічнай свабоды ні для малога й сярэдняга, ні для буйнога бізнэсу няма. Буйны бізнэс можа існаваць нагэтулькі, наколькі ён ёсьць часткай клікі. Інакш яго нішчаць, з чым пэрыядычна сутыкаюцца нават іншаземныя ўладальнікі акцыяў прадпрыемстваў Беларусі. Хаця не сумняюся, што яны стараліся быць лаяльныя і выконвалі ўнутраныя правілы гульні групоўкі. Не дапамагае. Таму што, відаць, ненасытная гэтая групоўка. Акрамя таго, улада баіцца эканамічна самастойных людзей, бо яны становяцца палітычна непадкантрольныя і абавязкова захочуць палітычных свабодаў. Так што не сынгапурскі шлях, а спаўзаньне да кубінска-паўночнакарэйскага.

Будуць новыя эканамічныя землятрусы. Іншая рэч, што, навучаныя досведам 2011 году, улады будуць спрабаваць, як у таго габраўскага ката, адразаць хвост кавалкамі, а не адсякаць яго аднамомантава. Будзе паўзучая дэвальвацыя. На жаль. Я не лічу, што эканамічна чым горш, тым лепш. Гэта б'е па звычайных людзях. Але менавіта ўлады робяць усё, каб было горш нашым беларускім простым людзям. А зусім ня «Захад» і не апазыцыя.  

- Вы былі назіральнікам у Грузіі, бачылі, як там людзі, не зважаючы на памяць пра трагічныя падзеі на вулічных акцыях мінулых гадоў, выходзяць, каб засведчыць сваю пазыцыю і абараніць свае правы. Ці ёсьць спадзяванне, што выйдуць беларусы?  

- Я быў доўгатэрміновым назіральнікам на выбарах, агулам правёў у Грузіі амаль месяц, таму магу ўпэўнена сказаць, што сказаў сваё слова грузінскі народ. У пятніцу Міхаіла Саакашвілі на стадыёне падтрымала каля 60 тысячаў, а ў суботу на плошчу за «Грузінскую мару» выйшла да паўмільёну ўпэўненых, годных, добразычлівых, людзей. Я быў сярод іх – гэта не апісаць, гэта мора людзкое, гэта народ. Відаць, гэта і быў трубны голас, які падказаў Міхаілу Саакашвілі, што варыянтаў, акрамя цывілізаванай перадачы ўлады тым, хто перамог, няма. Важна, што самі камісіі хацелі лічыць сумленна. Нам, назіральнікам, дзякавалі: добра, што вы былі. Так што дай Бог дабра гэтай краіне. Там няпроста, нялёгкія часы яшчэ доўга не пераадолець, але ёсьць народ, ёсьць нацыя.

І мы змагаемся за свабоду, каб самарэалізавалася беларуская нацыя і каб яна жыла вечна. Адсутнасьць свабоды падрывае нашыя нацыянальна-дзяржаўныя перспектывы. Кіраваньне

Лукашэнкі не гарантуе нашую незалежнасьць, як памылкова лічылі пэўныя брусэльскія аналітыкі ды паціху кажуць пэўныя беларускія палітыкі. Наадварот, яно яе зьнішчае, і вынікі, на жаль, мы бачым: цынічна нішчыцца беларуская мова, гістарычная памяць, нацыянальная сьведамасьць; эўрапейская краіна Беларусь зацягнутая ў «эўразійскі саюз»; здадзены Крамлю «Белтрансгаз» і на чарзе наступныя стратэгічныя актывы.

- Ці пачуюць улады голас беларускага народу так, як пачулі ў Грузіі?

- Мяркую, стымул зрабіць уласны ўчынак для беларусаў будзе комплексны і не зьвязаны толькі з матэрыяльным, са зьбядненьнем. Гісторыя кажа, што на самай нізкай кропцы зьбядненьня зусім не абавязкова людзі выходзяць. Асабліва беларусы. Яны пачынаюць выжываць. Заворваюць газоны на лецішчах і высаджваюць бульбу. Але ж гэта тупік. Дарэчы, улада ня надта бядуе, што зьязджаюць дзеяздольныя, таленавітыя: хто ў Расею (будаўнікі), хто на Захад (праграмісты). Але ўсе ня зьедуць, хай улада не спадзяецца. Тыя, хто застаецца, спрабуюць выжываць, але пры гэтым ужо разарваўшы праславуты сацыяльны кантракт з уладай. Нейкі час гэты працэс будзе глухі, кухонны. Але прысьпее момант крытычнай масы. Трэба, каб гэтая крытычная маса рэалізавала пераход Беларусі да дэмакратыі спакойным, годным чынам. Гэта залежыць ад таго, колькі мільёнаў людзей цьвёрда пераканаюцца, што надалей так жыць нельга.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках