Пуцін падпісаў указ аб адраджэнні ў арміі «стройбатаў» часоў СССР
10- 28.07.2026, 20:06
- 4,414
Іх ліквідавалі ў РФ у 2006 годзе.
У Расійскіх Узброеных Сілах будуць адноўлены ваенна-будаўнічыя падраздзяленні — упершыню з часу іх ліквідацыі ў 2006 годзе. Для гэтага прэзідэнт Уладзімір Пуцін 27 ліпеня падпісаў указ аб павелічэнні штатнай колькасці арміі на 27 тысяч чалавек, з якіх 25 тысяч прыпадае на вайскоўцаў, а 2 тысячы — на грамадзянскі персанал. Дакумент афіцыйна замацаваў вяртанне «стройбатаў» у структуру Узброеных Сіл. Іх адраджэнне стала часткай рэформы ваенна-будаўнічага комплексу, якую Мінабароны анансавала ў 2025 годзе. Кіраўнік ведамства Андрэй Белаусаў заяўляў, што гэтыя падраздзяленні будуць «дадатковым інструментам» для будаўніцтва «найбольш важных» аб’ектаў у інтарэсах войскаў.
Улады тлумачылі неабходнасць рэформы праблемамі ў гэтай сферы. Пасля прыходу Белаусава Мінабароны РФ рэзка павялічыла прэтэнзіі да аднаго з ключавых падрадчыкаў — Ваенна-будаўнічай кампаніі (ВСК). Паводле даных «Коммерсанта», калі ў апошні поўны год працы Сяргея Шайгу (2023-і) сума пазоваў складала 441,4 млн рублёў, то ў 2024 годзе яна павялічылася да 18,8 млрд, а з пачатку 2026-га дасягнула 17,2 млрд рублёў.
Стройбаты існавалі яшчэ ў СССР, іх колькасць даходзіла да 200 тыс. чалавек. Яны ўзводзілі вайсковыя гарадкі, палігоны, склады і іншую абарончую інфраструктуру. Пасля распаду Савецкага Саюза сістэма захавалася ў расійскай арміі, аднак падчас рэформы 2006 года тагачасны міністр абароны Сяргей Іваноў абвясціў, што «стройбаты ліквідуюцца як клас» і перадаў частку такіх работ грамадянскім падрадчыкам.
Найбольш складаныя і рэжымныя аб’екты, уключаючы шахты для балістычных ракет, даручылі Спецстрою — федэральнаму агенцтву, што адказвала за касмадромы і спецыяльныя збудаванні. Пасля яго скасавання ў 2016–2017 гадах гэтыя функцыі перадалі Мінабароны, у структуры якога быў створаны Ваенна-будаўнічы комплекс. Аднак значная частка работ па-ранейшаму выконвалася спецыялізаванымі падраднымі арганізацыямі.