27 красавiка 2024, Субота, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Клімавіцкія міліцыянты бягуць з працы

46
Клімавіцкія міліцыянты бягуць з працы

Супрацоўнікі Клімавіцкай міліцыі амаль кожны месяц кладуць на стол кіраўніцтву заявы аб звальненні.

Цяпер, згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, некамплект асабістага складу Клімавіцкага РАУС складае каля 20-25 адсоткаў, піша ПЦ "Вясна".

Пра тое, што гэтая праблема набыла вельмі востры характар, сведчыць і той факт, што з мэтай яе рашэння ў Клімавічы прыязджаў намеснік міністра ўнутраных спраў краіны. Кажуць, што ён настойліва ўгаворваў супрацоўнікаў Клімавіцкага РАУС не звальняцца з праваахоўных органаў, абяцаючы ім паляпшэнне становішча ўжо ў найбліжэйшай будучыні. Аднак пакуль угаворы кіраўніцтва на радавых супрацоўнікаў не дзейнічаюць.

Незалежны журналіст з Клімавіч, выдавец малатыражнай газеты «Климовичская инфо-панорама» Сяргей Аржанцаў пацвердзіў, што праблема некамплекту мясцовай міліцыі ў апошні час набыла востры характар і з'яўляецца вельмі актуальнай:

«Сапраўды, у нашым раёне многія міліцыянты зараз звальняюцца, - распавядае Сяргей Аржанцаў. - Па словах саміх супрацоўнікаў, сёння некамплект асабістага складу ў РАУС складае мінімум 20-25%. Дакладна ведаю, што за апошнія месяцы звольнілася шмат міліцыянтаў і асноўнай прычынай гэтага, на мой погляд, з'яўляюцца нізкія зарплаты. Напрыклад, у кастрычніку адзін мой знаёмы з праваахоўных органаў скардзіўся, што атрымаў зарплату ў два з паловай мільёны рублёў, а ў яго ж сям'я, таму і ён таксама думае аб звальненні. Вядома, што ўладам ужо не хапае грошай на самае неабходнае, а не толькі на фінансаванне сілавых структур. Адсюль невялікія зарплаты, размовы аб скарачэнні і іншае. Вось людзі ў пагонах і пачалі самастойна шукаць лепшага жыцця, так як зразумелі, што застаецца спадзявацца толькі на сябе. Дарэчы, пачалі звальняцца і супрацоўнікі Клімавіцкага аддзела МНС, а раней на працаўладкаванне туды быў вялікі конкурс. Усе адчуваюць, што эканамічная сітуацыя пагаршаецца, таму, на маю думку, праблема з кадрамі ў правінцыі будзе толькі нарастаць».

Сяргей Аржанцаў не звязвае звальненні з працы супрацоўнікаў Клімавіцкай міліцыі з гучным карупцыйным скандалам, які меў месца ў Клімавічах у пачатку гэтага года. Аднак сярод жыхароў горада ёсць людзі, якія лічаць інакш і непасрэдна звязваюць гэтыя падзеі.

Нагадаем, што 18 студзеня 2012 года пры атрыманні чарговай часткі грашовых сродкаў у памеры 500 тысяч рублёў былі затрыманыя старэйшы оперупаўнаважаны Клімавіцкага РАУС і старшы следчы Клімавіцкага раённага аддзела ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці. Устаноўлена, што ў злачынную групу ўваходзіў таксама начальнік Клімавіцкага РАУС. Шляхам шантажу і пагроз клімавіцкія «змагары са злачыннасцю» да гэтага ўжо атрымалі ад мясцовага прадпрымальніка ў снежні 2011 і студзені 2012 года каля васьмі мільёнаў рублёў.

У дачыненні да гэтых супрацоўнікаў праваахоўных органаў была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 430 ч. 3 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

Зараз усе гэтыя былыя супрацоўнікі Клімавіцкай міліцыі па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, суд над клімавіцкімі «пярэваратнямі ў пагонах» павінен быў адбыцца яшчэ ў жніўні гэтага года, аднак пасля расследаванне справы падоўжылі. Падставай для гэтага нібыта паслужылі новыя дадзеныя аб крымінальнай дзейнасці затрыманых міліцыянтаў з Клімавіч, якія сталі вядомыя падчас правядзення следства.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках