ХАМАС і Ізраіль абвясцілі пра замірэнне
45- 21.11.2012, 21:51
Ізраіль і палестынскі рух ХАМАС абвясцілі пра дасягнутае замірэнне.
Узброены канфлікт доўжыўся тыдзень. Прадстаўнікі ХАМАС і Егіпту сказалі, што загінулі 160 чалавек, піша ВВС.
Замірэнне павінна ўвайсці ў дзеянне а 21:00 мясцовага часу.
Егіпецкі міністр замежных спраў абвясціў пра дасягнутае замірэнне на прэс-канферэнцыі ў Каіры, дзе таксама прысутнічала амерыканская дзяржсакратарка Хілары Клінтан.
Раней ізраільская паліцыя паведаміла, што ў пасажырскім аўтобусе ў Тэль-Авіве здзейснены выбух, у выніку якога паранены не меней за 28 чалавек.
Выбух адбыўся ля будынка міністэрства нацыянальнай абароны Ізраілю.
Прадстаўнік прэм'ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньяху пацвердзіў, што аўтобус быў падарваны «ў выніку тэрарыстычнага нападу».
Параненыя былі дастаўленыя ў бліжэйшую лякарню. Паліцыя шукае чалавека, які зладзіў выбух.
Уначы ізраільскія вайскоўцы зноў збамбавалі сектар Газа, а баявікі ХАМАС выпусцілі некалькі ракет у бок ізраільскай тэрыторыі.