26 красавiка 2024, Пятніца, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэферэндум у Егіпце: Пра перамогу заяўляюць і ісламісты і апазіцыя

9
Рэферэндум у Егіпце: Пра перамогу заяўляюць і ісламісты і апазіцыя

Рух «Браты-мусульмане» сцвярджае, што першы этап галасавання на рэферэндуме аб новай канстытуцыі Егіпта скончыўся на іх карысць. Апазіцыя ўпэўненая ў адваротным.

Паводле звестак ісламістаў, прапанаваны імі пры падтрымцы прэзідэнта Егіпта Махамеда Мурсі праект новай канстытуцыі краіны ўхвалілі 56,5% ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў, паведамляе ВВС.

Іх апаненты з ліберальнай апазіцыі адразу ж пасля закрыцця выбарчых участкаў заявілі, што, са звестак іхных экзіт-полаў, большасць выбаршчыкаў адказала на пытанне рэферэндуму «не».

Між тым агенцтва Reuters цытуе аднаго з апазіцыянераў, з ягоных слоў у другім велічынёй горадзе Егіпта, Александрыі, за новую канстытуцыю быў аддадзены «дзіўна высокі» адсотак галасоў.

Першы этап рэферэндуму прайшоў у буйных егіпецкіх гарадах - Каіры, Александрыі і яшчэ ў васьмі правінцыях. Час галасавання быў падоўжаны праз высокую яўку.

Сябры руху «Браты-мусульмане» ўваходзілі ў склад практычна ўсіх выбарчых камісій у дзесяці рэгіёнах, дзе праходзіў першы тур.

Жыхары іншых рэгіёнаў прагаласуюць праз тыдзень, 22 снежня - і толькі тады будуць апублікаваныя афіцыйныя вынікі рэферэндуму. Усяго ў Егіпце налічваецца 51 мільён зарэгістраваных выбарцаў.

«Кроў на вуліцах»

Напярэдадні прыхільнікі і апаненты прэзідэнта Мурсі правялі апошнія дэманстрацыі перад рэферэндумам, якія перайшлі ў некаторых раёнах краіны ў крывавыя сутыкненні з ужываннем бейсбольных біт.

«Гісторыя калі-небудзь узгадае рэжыму, што яны прымусілі народ Егіпта ісці на рэферэндум падчас такіх жудасных абставін. Вуліцы заліты крывёю, а яны не могуць знайсці досыць суддзяў, каб прасачыць за сітуацыяй», - сказаў у пятніцу лідар Партыі свабодных егіпцян Ахмед Саід.

Прыхільнікі Мурсі, у сваю чаргу, заявілі, што апазіцыянеры нібыта «адкрыта хлусяць» і наўмысна сеюць смуту.

Прэзідэнт Мурсі і кіроўная партыя «Браты-мусульмане» актыўна заклікалі народ падтрымаць праект асноўнага закона краіны. Аднак апазіцыя заяўляе, што ў распрацоўцы новай канстытуцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі выключна ісламісцкіх партый, і, такім чынам, закон не адпавядае чаканням усіх слаёў насельніцтва Егіпта.

Апаненты Мурсі мяркуюць, што новая канстытуцыя дасць духоўным уладам празмерныя паўнамоцтвы падчас падрыхтоўкі законаў.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый асцерагаюцца, што калі датэрмінова будуць апублікаваныя вынікі галасавання ў першым туры, то гэта можа паўплываць на прыняцце пастановы тых, хто пойдзе галасаваць праз тыдзень.

З гэтай жа прычыны апазіцыйны Фронт нацыянальнага выратавання патрабаваў, каб галасаванне ва ўсёй краіне прайшло на працягу аднаго дня.

Аднак рэферэндум праводзіцца ў два этапы з-за таго, што занадта мала суддзяў пагадзіліся назіраць за галасаваннем.

Крок да шарыяту

Праціўнікі новага праекту канстытуцыі ўпэўненыя, што яго прыняцце - гэта першы крок да шарыяту ў краіне.

Паводле іхных слоў, вынік гэтага рэферэндуму шмат у чым вызначыць, якім шляхам пойдзе Егіпет.

Шмат хто не згодны з дзеяннямі Мурсі, але ўсё-ж прыйшлі галасаваць, нягледзячы на тое, што раней апазіцыя заяўляла пра намер байкатаваць рэферэндум.

«Часы маўчання прайшлі, - кажа банкаўскі служачы Эсам Гіндзі, стоячы ў чарзе на ўчастку для галасавання. - Мне не падабаецца новая канстытуцыя. Мурсі не павінен быў дапусціць такога расколу ў краіне».

«Духоўныя лідары сказалі нам прагаласаваць «за». Я прачытаў праект канстытуцыі, і ён мне падабаецца, - сказаў другі 53-гадовы выбарца Адэль Імам. - Прэзідэнцкая ўлада ўжо не тая, што раней. У новых умовах ён не зможа быць дыктатарам».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках