26 красавiка 2024, Пятніца, 5:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калядны зварот айца Аляксандра Надсана

11
Калядны зварот айца Аляксандра Надсана

Калядны зварот апостальскага візытатара для беларусаў замежжа айца Аляксандра Надсана.

Дзьве апошнія нядзелі перад сьвятам Нараджэньня Хрыстовага ў бізантыйскім абрадзе носяць назву нядзелі праайцоў і айцоў. У гэтыя дні Царква ўспамінае праведнікаў, якія жылі да нараджэньня Хрыста і былі або Ягонымі продкамі паводле цела, або захавалі вернасьць Богу і веру ў прыйсьце Збавіцеля.

Як гэта бывае часта на сьвеце, жыцьцё іх склалася нялёгка, бо людзі, занятыя сваімі штодзённымі клопатамі, не хацелі іх слухаць.

Ім давялося сустрэцца з абыякавасьцю, а часта і з адкрытай варожасьцю і перасьледам. Вось што піша пра гэта аўтар Ліста да Габрэяў: «Некаторыя зь іх зазналі катаваньняў… іншыя цярпелі зьнявагі, бічаваньні, кайданы і вязьніцы. Іх каменявалі, расьпілоўвалі, забівалі мячом; яны туляліся ў авечых і казіных шкурах, церпячы бяду, гора і прыгнёт, — хоць сьвет ня быў варты іх, — блукалі па пустынях, пячорах і зямных ямах» (Габ 11:35–38). І канчае свой аповед: «І ўсе яны, хоць дзеля сваёй веры сталі годнымі пахвалы, не атрымалі абяцанага» (Габ 11:39), гэта значыць не дажылі, каб убачыць прыйсьце Збавіцеля.

Ёсьць нешта боскае ў бескарысьлівых учынках для дабра іншых, не чакаючы падзякі.

Бог, які ў сваёй бязьмежнай дабрыні стварыў нас і захацеў стаць адным з нас, ня мае патрэбы ў нашай удзячнасьці, але пачуцьцё ўдзячнасьці неабходнае для нас саміх, бо яно прыходзіць з усьведамленьнем нашага месца ў пляне Божага тварэньня. Ягоная дабрыня ў адносінах да нас — бескарысьлівая, і калі Ён чакае ад нас пачуцьця ўдзячнасьці, дык гэта перадусім для нашага дабра, як доказ, што наша сэрца на сваім месцы. Некалі псальміст напісаў: «Як гляну на неба, твор рук Тваіх, на месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, — дык хто ёсьць чалавек, што Ты пра яго памятаеш, і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш?» (Пс 8:4–5). Сёньня можам яшчэ сказаць: «Хто ёсьць чалавек, што Ты захацеў стаць адным зь іх?»

Дык хай Бог, які ў сваёй бязьмежнай любові захацеў стаць адным з нас, напоўніць любоўю сэрцы нашыя, каб згінула злосьць і нянавісьць і каб мы ўсе сталі адной сям’ёй і маглі разам усклікнуць: «Слава на вышынях Богу, супакой на зямлі, добрая воля сярод людзей!»

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках