26 красавiка 2024, Пятніца, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Герасіменя: Мне бліжэй бел-чырвона-белы сцяг

189
Аляксандра Герасіменя: Мне бліжэй бел-чырвона-белы сцяг

Чэмпіёнка свету і сярэбраны прызёр Алімпіяды-2012 распавяла пра сваё стаўленне да сімвалаў і гісторыі Беларусі.

На працягу пяці дзён у чытачоў «Прессбола» была магчымасць задаць абсалютна любое пытанне Аляксандры Герасімені. Як і належыць чалавеку года, спартсменка падрабязна і грунтоўна задаволіла цікавасць заўзятараў, не праігнараваўшы нават тыя пытанні, ад якіх сярэднестатыстычныя беларускія спартсмены звычайна кідаюцца.

Адно з пытанняў датычылася сімволікі нашай краіны. «Які сцяг вам бліжэй: чырвона-зялёны ці бел-чырвона-белы?» - спытаў адзін з чытачоў.

«З пункту гледжання эстэтыкі бел-чырвона-белы, вядома, больш сімпатычны. Ды і гісторыя ў яго куды больш багатая і насычаная - Вялікае княства Літоўскае, Наваградак, Мір, Нясвіж, той жа Клецк. Мне не хочацца думаць аб тым, што Беларусь вядзе адлік ад 1917 года і ганарыцца тым, што мы чэмпіёны свету па колькасці вуліц Леніна, Маркса, Энгельса і яшчэ бог ведае каго, хто ў нас зроду не быў. У нашай гісторыі ёсць нямала слаўных дат, і давайце не будзем забываць, што ў свой час ВКЛ было адной з самых уплывовых дзяржаў Еўропы.

Вельмі вялікае ўражанне на мяне зрабіла інтэрв'ю нашага славутага гісторыка Захара Шыбекі, у якім ён распавёў шмат чаго пра невядомыя старонкі гісторыі краіны. Шкада, вядома, што мы выпусцілі ініцыятыву, і літоўцы лічаць сябе нашчадкамі той вялікай дзяржавы. Нам не хапае каранёў, каб адчуць сябе вялікай нацыяй, а генетыка - вялікая штука, якая творыць цуды нават праз стагоддзі.

Далёка за прыкладамі хадзіць не трэба. У студзені гандбольная зборная паедзе на чэмпіянат свету і ёй там ментальна будзе выступаць лягчэй, чым, напрыклад, калегам з валейбола ці таго ж хакея.

Іх трэнер - алімпійскі чэмпіён. У іх у памяці, што дваццаць гадоў таму СКА Менск быў лепшым клубам свету. І яны таксама могуць вярнуцца туды, дзе былі іх папярэднікі, таму што ёсць генетычная памяць. Яны не навічкі і не дэбютанты, яны нашчадкі вялікіх перамог, а гэта зусім іншая матывацыя», - сказала Аляксандра Герасіменя.

Спартсменцы таксама задалі пытанне аб геапалітычнай арыентацыі нашай краіны і спыталі, што ёй бліжэй - Еўропа ці Расея.

«Еўропа, вядома. Мы адтуль ментальна. Расея хай цягнецца за намі, ёй не пашкодзяць агульнапрынятыя каштоўнасці цывілізаванага свету. Я маю на ўвазе закон Дзімы Якаўлева. Магу шмат чаго сказаць з гэтай нагоды, як чалавек эмацыйны і не па чутках знаёмы з дзецьмі-інвалідамі ад нараджэння. Цікава адно, як гэтыя дэпутаты, якія адным націскам кнопкі пазбавілі надзеі тысячы расейскіх дзяцей будуць глядзець у вочы ўласным дзецям. Ды і наогул чаму іх дзецям можна і нават трэба вучыцца ў ЗША, а тым, хто бяспраўны, немы і безабаронны не даецца нават найменшага шанцу на іншае жыццё?» - сказала Герасіменя.

Напісаць каментар 189

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках