19 красавiка 2024, Пятніца, 10:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кантрабанда «растваральнікаў» працягваецца

31
Кантрабанда «растваральнікаў» працягваецца

Белстат заднім чыслом істотна змяніў значэнне гандлёвага сальда.

Папраўкі тлумачацца ўдакладненай інфармацыяй, атрыманай ад Беларускага мытнага камітэта. Як аказалася, гэтая дадатковая інфармацыя - дадзеныя аб экспарце растваральнікаў і змазачных матэрыялаў, які зноў набірае абароты, пішуць naviny.by.

«Беларусь цалкам спыніла экспарт растваральнікаў. Чацвёртага жніўня сышоў апошні вагон». З такой заявай выступіў 14 верасня прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Афіцыйная статыстыка, здавалася б, пацвярджае запэўніванні беларускіх уладаў. Пачынаючы са жніўня, падрабязныя справаздачы Белстата аб знешнім гандлі паказваюць, што экспарт па згаданым падазроным катэгорыям блізкі да нуля.

Але ў той жа самы час работнікі беларускай статыстыкі пачалі праяўляць нечаканую рассеянасць. На мінулым тыдні Белстат «удакладніў» дадзеныя аб знешнім гандлі таварамі за студзень-верасень гэтага года. Аказалася, што падрабязная аператыўная справаздача, апублікаваная раней, не ўлічыла дадатковы экспарт на 73 млн. даляраў. Таму цяпер Белстат заднім чыслом пераправіў агульную лічбу гандлёвага сальда за студзень-верасень з 1 млрд. 313 млн. даляраў на 1 млрд. 387,8 млн. даляраў з паметкай «Дадзеныя удакладнены Дзяржаўным мытным камітэтам Рэспублікі Беларусь».

З гандлёвым сальда за студзень-жнівень адбылася аналагічная гісторыя. Падрабязныя аператыўныя дадзеныя (якія паказваюць абяцаную расейцам адсутнасць экспарту растваральнікаў і змазачных матэрыялаў) абвяшчалі, што сальда за студзень-жнівень склала 1 млрд. 628 млн. даляраў. А месяцам пазней статыстычны камітэт «даведачна» паведаміў, што ў падрабязнай справаздачы была дапушчана недакладнасць, і са спасылкай на Мытны камітэт парадаваў нас звесткамі пра тое, што на самой справе сальда за першыя восем месяцаў гэтага года апынулася на 44 млн. даляраў вышэй.

Дадзеныя аб знешнім гандлі Беларусі, апублікаваныя на сайце Беларускага мытнага камітэта, абвяшчаюць наступнае.

Пасля таго, як Менск нібыта спыніў бяспошлінна вывозіць вуглевадароды пад выглядам нафтахіміі, экспарт тавараў з групы ТН ЗЭД 3800 (іншыя хімічныя прадукты) абрынуўся з 380 тысяч тон у ліпені да 16 тысяч тон у жніўні. Экспарт па групе ТН ЗЭД 3400 (змазачныя матэрыялы) упаў тады з 219 тысяч тон да крыху больш за 2 тысячы тон. Такім чынам, «растваральнікавы бізнэс» кардынальна зменшыўся ў аб'ёмах, хоць і не быў прыкрыты цалкам. Пры тым, што экспартная пошліна на бензін склала ў жніўні 300 даляраў за тону, атрымліваецца, што беларускія нафтавыя «алігархі» з атачэння Лукашэнкі недаплацілі тады расейскаму бюджэту прыкладна 5,5 млн. даляраў.

Але ў верасні падазроны экспарт пачаў здабываць другое дыханне і, паводле дадзеных Беларускага мытнага камітэта, склаў 45 млн. даляраў. Пры гэтым экспарт змазачных матэрыялаў (група ТН ЗЭД 3400) павялічыўся ў верасні ў параўнанні са жніўнем у 10 разоў - да 22 тысяч тон.

Мяркуючы па такой дынаміцы, «удакладненая» лічба, якую Белстат неўзабаве апублікуе аб дадзеных за кастрычнік, можа палепшыць аператыўныя дадзеныя аб знешнегандлёвым сальда больш чым на 100 млн. даляраў.

Пры гэтым растваральнікі і змазачныя матэрыялы, верагодна, - не адзіная схема, якую спрабуе схаваць афіцыйная беларуская статыстыка. Так, па дадзеных Беларускага мытнага камітэта, экспарт па гэтых двух катэгорыях у верасні склаў 45 млн. даляраў, у той час як даведачная папраўка Белстата па вераснёвых дадзеных палепшыла гандлёвае сальда краіны на 73 млн. даляраў.

Прычым, гаворка ўжо, верагодна, ідзе не пра рээкспарт расейскага бензіну (пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь спыніліся яшчэ ў ліпені), а пра бязпошлінны вываз прадукцыі беларускіх НПЗ. Не выключана, што прымяняюцца распаўсюджаныя ў Расеі схемы экспарту бензіну пад выглядам іншых нафтапрадуктаў або сырой нафты пад выглядам перапрацаванай.

Бяспошлінны экспарт вуглевадародаў (хутчэй за ўсё, бензіну) пад выглядам растваральнікаў і змазачных матэрыялаў працягваецца, хоць і ў меншых аб'ёмах. Але беларусам не варта заўчасна цешыцца прадпрымальнасці свайго кіраўніцтва. Экспартам «растваральнікаў» займаюцца прыватныя кампаніі, падкантрольныя бізнесменам з атачэння Лукашэнкі, якія закупляюць нафтапрадукты ў Расеі ці на беларускіх НПЗ. Пры гэтым, больш за палову «растваральнікавых» прыбыткаў зводзяцца ад беларускага падаткаабкладання, і ў бюджэт нашай краіны паступае толькі параўнальна невялікая частка даходаў ад гэтага бізнэсу.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках