Івашкевіч: Рэжым цішком распрадае нашыя прадпрыемствы
13- 23.02.2012, 14:08
Беларуская апазіцыя асцерагаецца продажу прадпрыемстваў краіны расейскаму, кітайскаму і арабскаму бізнесу.
«Рэжым цішком распрадае нашыя прадпрыемствы расейскім алігархам, кітайскаму і арабскаму бізнесу, плануе засяленне нашай зямлі кітайскімі каланістамі», - заявіў на прэс-канферэнцыі ў чацвер у Менску адзін з арганізатараў «Дня волі» Віктар Івашкевіч, цытуючы зварот да грамадзянаў Беларусі, падрыхтаваны ў сувязі з сакавіцкай акцыяй апазіцыі.
Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў звароце, які плануецца агучыць падчас мітынгу 25 сакавіка, паказваецца на складанае становішча, у якім у краіне апынулася беларуская мова. «Беларуская мова, нацыянальная культура, праўдзівая гістарычная памяць загнаныя ў рэзервацыю», - працягнуў В.Івашкевіч, паведамляе «Інтэрфакс».
Па ягоных словах, у звароце таксама падкрэсліваецца, што «дзясяткі людзей сядзяць у турмах па несправядлівым прысудзе, а мільёны жывуць пад страхам незаконнага звальнення па кантракце».
У сувязі з гэтым, патлумачыў апазіцыянер, падчас акцыі апазіцыя будзе заклікаць насельніцтва «пазбавіцца ад страху і абыякавасці». У звароце змяшчаецца заклік не даваць беларускім уладам «рабіць выгляд, што ў Беларусі праходзяць сумленныя выбары».