Рэальная сітуацыя ў Беларусі амбасадару Шагалу нецікавая
69- 2.03.2012, 10:32
Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал, які «не ведае» пра палітвязняў, нічога ведаць пра іх і не хоча.
Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Уладзімір Лемеш, Зміцер Дрозд і Сяргей Казакоў яшчэ на мінулым тыдні звярнуліся ў амбасаду Ізраіля з прапановай аб сустрэчы з амбасадарам, а таксама перадалі ліст. Але ў сустрэчы было адмоўлена. Спадар Шагал аддае перавагу заставацца ў шчаслівай недасведчанасці.
«Мы хацелі дапамагчы спадару амбасадару хутчэй паглыбіцца ў сітуацыю, распавесці, што палітвязні - гэта не выдумкі журналістаў, як ён заяўляў. Пра тое, што сотні беларусаў прайшлі праз турмы і катаванні толькі за апошні час. Што кандыдаты ў прэзідэнты, за якіх аддалі галасы мільёны беларусаў, сядзяць у турмах... Што ў Беларусі няма незалежных судоў, груба парушаюцца правы прафсаюзаў... Беларусь - вельмі няпростая краіна для любога дыпламата. Гэта пацвярджае і дыпламатычны канфлікт з Еўразвязам. І ўжо напэўна амбасадару Ізраіля варта ведаць пра тое, што Лукашэнка адкрыта выказваў захапленне Гітлерам, а таксама аб яго антысеміцкіх выказваннях. Але, мабыць, свой невялікі бізнес гаспадару Шагалу бліжэйшы за інтарэсы ягонай краіны і адносіны паміж нашымі народамі...», - сказаў charter97.org актывіст «Еўрапейскай Беларусі», былы палітвязень Сяргей Казакоў.