Валер Шчукін: Давядзецца зняць шапку і прасіць міласціну
54- 2.03.2012, 17:36
Вядомага праваабаронца пазбаўляюць адзінай крыніцы існавання з-за адмовы ў рэгістрацыі.
Згодна з новымі папраўкамі ў закон, атрымліваць пенсію трэба будзе па месцы рэгістрацыі. А ў Валера Шчукіна рэгістрацыі няма, дзевяць год таму яго незаконна выпісалі на вуліцу. Зараз праваабаронца прайшоў усе інстанцыі і звяртацца яму далей няма куды, як і няма на што жыць.
У інтэрв'ю charter97.org Валер Шчукін распавёў, як яго выкінулі на вуліцу.
- У 2003-м годзе, калі я вырашыў балатавацца ў дэпутаты Полацкага гарадскога савета, улады незаконна выселілі мяне на вуліцу, таму што ім такія дэпутаты не патрэбныя. Яны выпісалі мяне, спасылаючыся на тое, што дырэктар сельгастэхнікума, дзе я быў зарэгістраваны, нічога не ўзгадніў з Аблсавпрафам і УЛКСМам, а гэтыя арганізацыі на той момант ужо не існавалі. Акрамя таго, ні тады, ні зараз па законе нельга выпісаць чалавека ў нікуды, а яны выпісалі. Зараз я атрымаў адказ ад Вярхоўнага суда, што ўсё было законна. Гэта вышэйшая інстанцыя, вышэй пісаць няма куды.
- Пенсія была вашым адзіным сродкам існавання?
- Так, іншай крыніцы няма, мне ўжо за 70, які з мяне працаўнік. І бізнесам заняцца я не магу.
- Што вы плануеце рабіць далей?
- Не ведаю. У адміністрацыю прэзідэнта напісаць, ці што, я не ведаю. У гэтым месяцы я пенсію, напэўна, яшчэ атрымаю, а як жыць далей, я не ведаю. Давядзецца зняць шапку і прасіць міласціну.