Стэфановіч выплаціў Br57 мільёнаў штрафу
7- 6.03.2012, 14:38
У апошні дзень перад канфіскацыяй маёмасці праваабаронца Валянцін Стэфановіч выплаціў 57 мільёнаў штрафу.
Гэты штраф быў прысуджаны яму па паралельнай з Алесем Бяляцкім справе, паведамляе «Радыё Рацыя».
13 лютага намесніка старшыні праваабарончага цэнтра «Вясна» канчаткова прызналі вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і прымусілі выплаціць пеню і штраф у памеры амаль сямі тысяч даляраў ЗША.
У выпадку нявыплаты гэтай сумы праваабаронцу пагражала канфіскацыя ўласнай маёмасці і забарона на выезд з краіны. Аднак цяпер, па словах Валянціна Стэфановіча, такая пагроза мінула:
- Сёння я павінен з'явіцца да судовага выканаўца, бо заканчваецца гэты сямідзённы тэрмін. Я штраф аплаціў яшчэ ў пятніцу. Пазычыў грошы, многія пагадзіўся мне дапамагчы. Я не павінен быць унесены ні ў якія спісы, таму што добраахвотна выканаў абавязальніцтва. І ніякіх наступстваў быць не павінна.
Падставай для пераследу Валянціна Стэфановіча стала банкаўская інфармацыя аб рахунках праваабаронца, перададзеная беларускай пракуратуры Міністэрствам юстыцыі Літвы.
У снежні мінулага года кіраўнік «Вясны» Алесь Бяляцкі па падобным абвінавачванні быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Ні Валянцін Стэфановіч, ні Алесь Бяляцкі вінаватымі сябе не прызналі, бо грошы на іхніх рахунках не былі іх асабістым прыбыткам, а прызначаліся на праваабарончыя мэты.