Лагвінец: Пачалася спецаперацыя «Размовы аб дыялогу»
31- 9.04.2012, 15:10
Улады Беларусі робяць з сябе дурняў, пераконваючы ўсіх, што дыялог патрэбны Захаду, а не рэжыму.
Заяву Сяргея Мартынава аб магчымым вяртанні амбасадараў ЕЗ пракаментаваў для сайта руху «За свабоду» палітолаг Алесь Лагвінец.
«Падобна да таго, што Менск пачынае спецаперацыю «аднаўленне размоваў аб дыялогу з Захадам ». Магчыма, маятнік ужо ідзе ў адваротны бок. Нягледзячы на прыязнасьць Крамля сітуацыя ўнутры краіны не паляпшаецца, а новыя і ранейшыя фігуранты спісу неўязных у краіны ЕЗ, мабыць, не вельмі шчаслівыя», - адзначыў Лагвінец.
Разам з тым, на ягоную думку, «рэжым вельмі клапоціцца аб захаванні твару ўнутры грамадства і сярод наменклатуры». Таму, кажа Алесь Лагвінец, «зараз мы чуем пусты барабанны бой з нагоды гатовасці да дыялогу».
«Гэта савецкія штампы, якія адлюстроўваюць няведанне і нежаданне ведаць, як робяцца справы ў цывілізаваным свеце. Улады Беларусі робяць з сябе дурняў, так усіх пераконваюць, што дыялог патрэбны Захаду, а не рэжыму», - сказаў палітолаг.