18 траўня 2024, Субота, 19:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкладчыкі абвяргаюць Белстат

28
Выкладчыкі абвяргаюць Белстат

Выкладчыкі кажуць, што іхнія заробкі нашмат меншыя, чым звесткі, якія падае афіцыйная статыстыка.

Паводле Белстата, прафесары і выкладчыкі ў красавіку атрымлівалі ў сярэднім 4 мільёны392 тысячы рублёў. Настаўнікі - 3 мільёны 120 рублёў.

«Еўрарадыё» спрабуе адшукаць выкладчыка, які атрымлівае хоць бы 4 мільёны. Заадно даводзіцца пагутарыць з тымі, хто атрымлівае нават менш за два! Такіх - шмат.

У ВНУ паведамілі, што заробак 4 мільёны лепш шукаць... у школах! Выкладчык ангельскай мовы Акадэміі мастацтваў Канстанцін зарабляе ажно ў тры разы меней - усяго 1 мільён 600 тысяч.

«Гэта поўная стаўка. Заробак нават трохі вырас за апошні час - адсоткаў на 30%».

Сярэдні заробак настаўнікаў большы за ягоны - 3 мільёны 120 рублёў... Хлопец тлумачыць гэта наступным чынам.

«Там нагрузка вялікая. І аб'ектыўна - працы ў настаўнікаў болей. Чамусьці такая сітуацыя, што выкладчыкі зарабляюць менш за настаўнікаў у школе».

Лагапед дашкольнай установы Наталля зарабляе на 100 тысяч больш за выкладчыка ВНУ Канстанціна. Заробак свой дзяўчына лічыць у далярах: так больш зручна.

«Мой заробак 200 даляраў - гэта мільён 700, недзе так... Але гэта заробак без катэгорыі».

«Калі б я са сваім стажам і кваліфікацыяй працавала тут выхавацелькай, то атрымлівала б прыкладна столькі ж, толькі меней. Хто з вопытам атрымліваюць болей - 2 мільёны 100 тысяч, 2 мільёны 500...».

Наталля кажа, што ў раёне 4 мільёнаў у садзе зарабляюць хіба што ў адміністрацыі.

«Калі б я жыла адна, калі б у мяне не было мужчыны - усё было б вельмі і вельмі сумна. Калі мы здымалі кватэру, я, працуючы ў адукацыі, атрымлівала 200 даляраў, мой хлопец - 300 даляраў, працуючы ў напаўдзяржаўнай фірме. Мой заробак цалкам сыходзіў на арэнду жылля. На другой заробак толькі і можна было пражыць».

Каб зэканоміць, дамовіліся марнаваць грошы на забаўкі толькі праз месяц.

«Вельмі хацелася сабе дазволіць кожны месяц, але вырашылі, што так: месяц дазваляем, а месяц - зусім не. Забавы - гэта кіно... У тэатр даўно не хадзілі. І нават на паходы з сябрамі куды-небудзь. У кафэ схадзіць...».

Нарэшце знаходжу чалавека ў школе, які атрымлівае больш за тры мільёны! Гэта як раз той заробак, які паказвае Белстат. Настаўнік фізікі ў ліцэі Аляксандр атрымаў у красавіку 3 мільёны 300 тысяч.

«Але гэта дзве стаўкі», - кажа ён.

Прыблізна супадае са статыстыкай і заробак настаўніцы біялогіі, якая працуе ў сярэдняй школе Менскага раёна. Вольга мае стаж 3 гады і больш за 1,5 стаўкі. Гэта 2 мільёны 800 тысяч.

«У мяне больш за 1,5 стаўкі... Калі звычайны працоўны дзень пераводзіць на школьную працу, то гэта не ўстаючы - прыйшоў з працы, а потым пайшоў дадому. І ўсё, на гэтым усё жыццё скончылася».

Сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку склаў 3 мільёны 252 тысячы рублёў. І павялічыўся ў параўнанні з сакавіком на 93 тысячы.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках