3 траўня 2024, Пятніца, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка зачыняе амбасаду ў Стакгольме

134
Лукашэнка зачыняе амбасаду ў Стакгольме

Беларусь адклікае сваю амбасаду ў Швецыі і ўсіх яе супрацоўнікаў.

У якасці прычыны адклікання дыппрадстаўніцтва МЗС назваў выправаджэнне са Швецыі двух беларускіх дыпламатаў. Нагадаем, гэта адбылося пасля рашэння беларускага боку пра непадаўжэнне акрэдытацыі амбасадару Швецыі ў Менску Стэфану Эрыксану.

«Матывы прыняцця беларускім бокам рашэння аб непадаўжэнні акрэдытацыі былому амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану зразумелыя і не маюць патрэбы ў дадатковых каментарах. З улікам адначасовага адклікання ў Менск амбасадара Беларусі ў Швецыі Андрэя Грынкевіча беларускі бок лічыў вычарпаным дадзены канфлікт і быў гатовы да сумесных намаганняў па вяртанні двухбаковых адносін у канструктыўнае рэчышча. У карысць гэтага сведчаць намаганні па недапушчэнні пераходу сітуацыі ў канфліктную стадыю, якія раней ажыццяўляў беларускі бок», - гаворыцца ў заяве МЗС.

«МЗС Швецыі вырашыў пайсці на абвастрэнне і дадаткова прыняў рашэнне аб выдварэнні з краіны двух старэйшых дыпламатаў амбасады Беларусі, уключаючы Часовага Паверанага ў справах, і адмове ва ўездзе ў Швецыю новага амбасадара Беларусі, які мае агрэман Урада Швецыі», - адзначаецца ў заяве.

«Названыя дзеянні шведскага боку накіраваны на сур'ёзнае абмежаванне прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швецыі і магчымасці паўнавартаснай абароны інтарэсаў беларускіх грамадзян і аказання паслуг грамадзянам Швецыі, а таксама Нарвегіі і Даніі, дзе Амбасада акрэдытавана па сумяшчальніцтву.

У дадзеных умовах немагчыма забеспячэнне нармальных функцый замежнай установы, ў тым ліку прадугледжаных арт. 3 Венскай канвенцыі аб дыпламатычных зносінах.

У гэтай сувязі беларускі бок вымушаны прыняць рашэнне аб адклiканнi сваёй Амбасады ў Швецыі і вяртанні ўсіх супрацоўнікаў у Рэспубліку Беларусь. Адпаведныя дзеянні ўжо робяцца», - гаворыцца ў заяве.

Швецыі таксама прапанавана адклікаць сваю амбасаду з Беларусі да 30 жніўня 2012 года.

МЗС асабліва падкрэсліў, што ў кантэксце дадзеных мер гаворка не ідзе аб разрыве дыпламатычных адносін.

«Мы ні ў якім разе не разглядаем адкліканне амбасады Беларусі са Швецыі як разрыў дыпламатычных адносін», - сказаў сёння прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

Між тым, ён падкрэсліў, што Менск гатовы да нармалізацыі адносін са Швецыяй. «Беларускі бок прапануе Швецыі сесці за стол перамоваў з нагоды далейшага лёсу дыппрадстаўніцтваў. Мы гатовы да нармальнага дыялогу, калі шведскі бок вернецца да захавання міжнародна прызнаных прынцыпаў суверэннай роўнасці дзяржаў», - падагульніў прадстаўнік МЗС.

Як паведамляў сайт charter97.org, 3 жніўня стала вядома, што амбасадара Швецыі выгналі з Менска. Пра гэта міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт паведаміў у сваім твітэры.

У гэты ж дзень на беларускіх дзяржаўных тэлеканалах былі паказаны паклёпніцкія рэпартажы аб дзейнасці шведскага амбасадара. Стэфан Эрыксан быў абвінавачаны ва ўсіх смяротных грахах. «Стараўся нанесці нашай краіне максімальную шкоду», «спрабаваў пасварыць нашыя краіны», «вёў падрыўную дзейнасць на тэрыторыі нашай краіны», - так выказваліся штатныя прапагандысты аб дыпламаце.

Напісаць каментар 134

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках