26 красавiка 2024, Пятніца, 11:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час выконваць абяцанні

48
Час выконваць абяцанні

Віталь Рымашэўскі заклікае апазіцыянераў здымаць свае кандыдатуры з «выбараў».

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» звярнуўся да лідэраў апазіцыйных партый і рухаў, сябры якіх прымаюць удзел у «выбарах», паведамляе bchd.info.

Віталь Рымашэўскі нагадвае Аляксандру Мілінкевічу, Уладзіміру Някляеву і Ірыне Вештард, што 2 лютага 2012 кіраваныя імі арганізацыі: рух «За Свабоду», грамадзянская кампанія «Гавары праўду» і БСДП (Грамада) сумесна з партыяй БНФ падпісалі дэкларацыю «Аб грамадскай дыскусіі аб мэтах і формах удзелу беларускай апазіцыі ў «выбарах-2012» у якой, у прыватнасці, заяўлялася аб намеры зняць кандыдатуры ў выпадку наяўнасці ў краіне палітзняволеных.

«Мы безумоўна лічым, што дэмакратычныя кандыдаты не могуць заставацца ў бюлетэні для галасавання ў той час, як у краіне існуюць палітычныя зняволеныя. Мы патрабуем ад беларускіх уладаў хутчэйшага іх вызвалення. Мы будзем заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі зняць свае кандыдатуры пасля выкарыстання ўсіх магчымасцей агітацыйнай кампаніі за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання ў выпадку, калі да гэтага часу ўсе пятнаццаць палітычных зняволеных не будуць вызваленыя, ці ў краіне з'явяцца новыя палітычныя зняволеныя», - гаварылася ў дэкларацыі.

Віталь Рымашэўскі нагадвае, што палітвязні да гэтага часу застаюцца ў турмах, іх становішча толькі пагаршаецца. Тэрмін турэмнага зняволення Зміцера Дашкевіча быў працягнуты амаль на год. Такое ж пакаранне пагражае і іншым палітычным зняволеным.

Нягледзячы на гэта, на дадзены момант, толькі партыя БНФ выказалася аб магчымым выкананні падпісанай дэкларацыі.

Да дня «выбараў» засталося крыху больш за тыдзень, да пачатку галасавання - 3 дні.

«Яшчэ не позна выканаць абавязацельствы, прынятай вамі дэкларацыі і публічна звярнуцца да грамадзян краіны.

Дзеля адзінства дэмакратычнай апазіцыі, пра якое так шмат гаварылася ў апошнія месяцы, сёння неабходна няшмат - выкананне вамі і вашымі арганізацыямі ўзятых на сябе і агучаных публічна абяцанняў», - кажа Рымашэўскі.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках