8 траўня 2024, Серада, 23:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя шукае самагоншчыкаў з дапамогай беспілотнікаў (Відэа)

34

Пры дапамозе беспілотніка супрацоўнікі міліцыі і МНС Менскай вобласці за суткі выявілі на Валожыншчыне 5 самагонных апаратаў.

У панядзелак 7 кастрычніка супрацоўнікі УУС Менаблвыканкама і Менскага абласнога ўпраўлення МНС упершыню выкарысталі беспілотны лятальны апарат «Бусел-М» для выяўлення схаваных у лясах падпольных самагонных вытворчасцяў. Маніторынг праводзіўся ў Валожынскім раёне, на тэрыторыі Налібоцкай пушчы. З вышыні птушынага палёту праводзілася відэаздымка мясцовасці з выкарыстаннем цеплавізара, пры гэтым малюнак перадаваўся на зямлю ў рэжыме рэальнага часу, паведамляе аддзяленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Менаблвыканкама.

Самагонныя апараты, як правіла, старанна маскіруюцца ў гушчары лясоў. Схаваныя лістотай і замаскіраваныя, іх вельмі складана адшукаць не толькі з паветра, але і з зямлі. Аднак на экране цеплавізара нават нязначная крыніца цяпла на зямлі выглядае яркай жоўтай плямай. Дасведчанае вока аператара хутка вылучала сярод сілуэтаў жывёл крыніцы анамальнага цяпла.

Начальнік аддзялення ўпраўлення правапарадку і прафілактыкі УУС Менаблвыканкама Андрэй Амбражэй - ідэйны натхняльнік акцыі - падзяліўся падрабязнасцямі праведзенага мерапрыемства:

«У лясным масіве, паблізу вёсак Боркі, Дарагунь і Яцкава Валожынскага раёна намі былі заўважаныя 4 падазроныя крыніцы цеплавога выпраменьвання - ад яшчэ цёплых самагонных апаратаў і чанаў з суслам, а таксама характэрныя прыкметы саматужных самагонных вытворчасцяў - высечаныя дрэвы (на дровы для топкі катлоў апаратаў), пракладзеныя дарожкі, буйныя ёмістасці, дровы, навесы і г.д. Праведзены рэйд па канкрэтна пазначаных на мапе кропках пацвердзіў здагадкі - у лясах былі выяўленыя самагонныя вытворчасці. Як гэта прынята ў падобнай публікі, адходы самагонаварэння выліваліся імі прама на зямлю, а ўладальнікі аднаго з апаратаў, знойдзенага на беразе ракі Іслач, сістэматычна злівалі тысячы літраў адпрацаванай брагі прама ў раку. У апошнім выпадку працоўны аб'ём апарата склаў каля трох тон брагі, сам агрэгат складаўся з 9 металічных ёмістасцяў агульнай вагой у некалькі тон».

Нягледзячы на тое, што дабрацца да самагонных вытворчасцяў, схаваных у глыбіні лесу, справа не простая, у бліжэйшы час, пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі, усе апараты будуць дэмантаваныя, вывезеныя і ўтылізаваныя.

Супрацоўнікамі Валожынскага РАУС прымаюцца меры для ўстанаўлення асоб, якія маюць дачыненне да вырабу самагонных апаратаў і самагонкі. Акрамя таго, інфармацыя будзе накіраваная кіраўніцтву Менаблвыканкама для прыняцця мер рэагавання да службовых асоб тэрытарыяльных органаў лясной гаспадаркі, якія не прынялі належных мер да выяўлення названых падпольных вытворчасцяў.

Міліцыя шукае самагоншчыкаў з дапамогай беспілотнікаў. Фота: uvd-mo.gov.by
Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках