30 красавiка 2024, aўторак, 17:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Азараў: Януковіч адмовіўся ад пагаднення з ЕЗ па парадзе Расеі

22
Азараў: Януковіч адмовіўся ад пагаднення з ЕЗ па парадзе Расеі

Расея раіла Украіне адкласці падпісанне пагаднення і правесці перамовы аб паляпшэнні расейска-украінскіх гандлёвых сувязяў.

Пра гэта, як перадае AFP, заявіў журналістам кіраўнік урада краіны Мікалай Азараў.

Ад каго канкрэтна зыходзіла гэтая рэкамендацыя, не ўдакладняецца, піша Lenta.ru.

Названыя перамовы з Расеяй, як паведаміў Азараў, пачнуцца ў снежні. Пры гэтым ён адзначыў, што дакладных дамоўленасцяў з расейскім бокам аб пераглядзе газавага пагаднення (чаго даўно дамагаецца Украіна) пакуль няма. Азараў таксама адмаўляў чуткі пра тое, што за адмову ад збліжэння з ЕЗ Расея паабяцала рэспубліцы крэдыты, піша «Корреспондент».

На мінулым тыдні ўрад Украіны абвясціў, што прыпыняе падрыхтоўку да падпісання пагаднення з Еўразвязам аб асацыяцыі і свабодным гандлі. Такое рашэнне ў Кіеве патлумачылі інтарэсамі «нацыянальнай і эканамічнай бяспекі». Адначасова з гэтым украінскім міністэрствам было даручана «аднавіць актыўны дыялог з Расеяй і іншымі краінамі Мытнага саюза і дзяржавамі-членамі СНД адносна актывізацыі гандлёва-эканамічных сувязяў».

Падпісаць пагадненне з ЕЗ украінскія ўлады планавалі на саміце ў Вільні, які пройдзе 28-29 лістапада.

Змену пазіцыі афіцыйнага Кіева многія патлумачылі ўплывам Расеі. Адзін з лідараў украінскай апазіцыі Арсеній Яцанюк заявіў, у прыватнасці, што прэзідэнт Віктар Януковіч, адмовіўшыся ад збліжэння з ЕЗ, нібыта «выгандляваў» у Расеі 20 мільярдаў даляраў, а таксама падтрымку яго перавыбрання на другі тэрмін у 2015 годзе.

Неўзабаве пасля таго, як у Кіеве абвясцілі пра нежаданне падпісваць пагадненне з Еўразвязам, кіраўнік украінскага ўрада паведаміў таксама, што Расея нібыта абяцала перагледзець газавае пагадненне з Украінай (якое ўкраінскія ўлады лічаць нявыгадным для рэспублікі). Абяцанне, як запэўніваў прэм'ер, «па вялікім рахунку ўжо ёсць». У «Газпраме», праўда, гэтую інфармацыю не пацвердзілі.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках