Падсвядома Лукашэнка гэта разумее
- Аляксандр Класкоўскі
- 9.11.2026, 10:17
Гісторыю не спыніш.
7 лістапада ў Шклоўскім раёне Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ліміт на рэвалюцыі ў нас даўно скончыўся». Гэтае заклінанне ён паўтарае час ад часу. Аднак ход гісторыі не падпарадкоўваецца заклінанням аўтакрата.
Беларусь засталася адзінай у свеце краінай, дзе афіцыйна адзначаюць гадавіну так званай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нават у Расіі, дзе гэтая падзея, уласна кажучы, і адбылася, адпаведнае свята скасавана.
Чаму дыктатар трымаецца за камуністычнае свята
На першы погляд, гэта парадаксальная рэч: аўтакрат, які баіцца рэвалюцый, пакінуў у якасці чырвонай даты календара дзень, калі ў 1917 годзе ў Расіі адбыўся дзяржаўны пераварот.
Ён патлумачыў захаванне гэтага свята так: «Я не хачу наступаць пажылым людзям на балючыя месцы».
Аднак уяўляецца, што галоўная прычына іншая: Лукашэнка застаецца чалавекам глыбока савецкім, «чырвоным», калі скарыстацца эпітэтам Святланы Алексіевіч.
Да ўлады ён таксама прыйшоў пад лозунгамі вяртання да «светлага мінулага» і дагэтуль захоўвае многія элементы савецкай сістэмы.
У 1995 годзе «малады прэзідэнт» спецыяльна вынес на рэферэндум пытанне дзяржаўнай сімволікі, каб адмовіцца ад бела-чырвона-белага сцяга і Пагоні на карысць дэ-факта савецкіх сімвалаў.
Пасяджэнні так званага Усебеларускага народнага сходу да болю нагадваюць з'езды КПСС. Адбылася рэінкарнацыя Ленінскага камсамола ў выглядзе БРСМ. Лукашэнка спрабуе камандаваць эканомікай у дырэктыўным духу. У «найлепшых» традыцыях камуністычнай сістэмы выкараноўваецца іншадумства, фактычна адноўлена катэгорыя «ворагаў народа» («экстрэмісты», «змагары», «беглыя»).
Лукашэнка неаднаразова публічна заступаўся за Леніна і Сталіна, дэманструючы сваю прыхільнасць савецкай палітычнай традыцыі з яе культам моцнай улады і рэпрэсіўнымі метадамі кіравання.
Пры гэтым учора прагучала: «Я не прыхільнік рэвалюцый, і як гісторык я не хачу, каб гэта паўтарылася ў нас».
Дакладней было б сказаць: «Як дыктатар я не хачу, каб мяне звярглі».
Гісторыю не спыніш
Антырэвалюцыйныя заклінанні гучаць з вуснаў Лукашэнкі ўжо шмат гадоў.
У 2005 годзе, неўзабаве пасля Аранжавай рэвалюцыі ва Украіне, ён заявіў, што для Беларусі «ліміт войнаў і рэвалюцый» вычарпаны. Але праз год у нас адбылася першая шматлюдная Плошча. Яшчэ больш магутная Плошча была ў 2010 годзе.
Студзень 2011 года: «Даю вам цвёрдую гарантыю: ліміт рэвалюцый і ўзрушэнняў у Беларусі вычарпаны».
Лістапад 2012 года, інтэрв'ю Reuters: «Ліміт рэвалюцый для Беларусі вычарпаны».
Нарэшце, 4 жніўня 2020 года аўтакрат завёў тую ж пласцінку: «Ліміты рэвалюцый і разбурэнняў беларускі народ вычарпаў у мінулым стагоддзі».
І на гэты раз заклінанне не дапамагло: праз некалькі дзён пачалося фенаменальна маштабнае народнае паўстанне супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту сілавікоў.
Яго падавілі менавіта ленінска-сталінскімі метадамі. Пасля 2020 года пачаўся відавочны дрэйф рэжыму Лукашэнкі ў бок таталітарызму.
І гэта тая сітуацыя, калі народ мае права на паўстанне супраць тыраніі.
Напэўна, падсвядома Лукашэнка гэта разумее. Адчувае, што ўзурпацыя ўлады можа абярнуцца бокам. Таму і гучаць гэтыя рэфрэны пра ліміт рэвалюцый. Але гісторыя сведчыць, што надыходзіць момант, калі ніякія заклінанні дыктатарам не дапамагаюць.
Аляксандр Класкоўскі, «Белсат»