Украінская апазіцыя абвясціла агульнанацыянальны страйк
89- 30.11.2013, 15:29
- 54,794
Апазіцыя патрабуе правядзення датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.
Для гэтага ствараецца штаб нацыянальнага супраціву і пачата падрыхтоўка усеўкраінскай забастоўкі, піша «Корреспондент».
«Мы прынялі сумесную пастанову аб фарміраванні штаба нацыянальнага супраціву і мы пачалі падрыхтоўку да агульнаўкраінскага нацыянальнага страйку», - сказаў Арсеній Яцанюк на брыфінгу ў суботу.
Таксама ён заявіў, што апазіцыя выступае за адначасовае правядзенне ў Украіне датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. «Мы патрабуем адстаўкі ўрада і змены Віктара Януковіча з дапамогай адначасовага правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў», - сказаў ён на брыфінгу ў суботу ў Кіеве.
«Праз гадзіну ў нас будзе сустрэча з усімі пасламі ЕЗ, і мы асобна звяртаемся да заходніх партнёраў: час размоў завяршыся, - сказаў Арсеній Яцанюк.
Раней палітык заявіў, што пасля правалу на Віленскім саміце, на якім не было падпісана Пагадненне аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам, украінцы прачнуліся ў іншай краіне. «Пасля правалу ў Вільні мы прачнуліся ў іншай краіне. Украіна пасля Вільні больш нагадвае Беларусь, - заявіў Яцанюк.
Са слоў палітыка, «цяпер галоўная задача выцягнуць людзей, якія знаходзяцца ў міліцыі». Яцанюк падкрэсліў, што падзеі на Еўрамайдане паказалі, што наступныя прэзідэнцкія выбары ва Украіне будуць абапірацца на сілу «Беркута» і спецслужбаў, аднак на абарону свайго выбару стануць мільёны ўкраінцаў.
Увечары 29 лістапада ўдзельнікі кіеўскай акцыі прынялі рэзалюцыю, прызначыўшы народны сход апоўдні 1 снежня. Мітынгоўцы таксама запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча і прапанавалі стварыць каардынацыйную раду Еўрамайдана.
Сёння ноччу, а 4 раніцы, беркутоўцы ачапілі плошчу, а затым сілком выціснулі мітынгоўцаў. Пры гэтым, як адзначаюць відавочцы, сілавікі збівалі ўсіх запар.