29 сакавiка 2024, Пятніца, 5:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску пратэстуюць супраць закрыцця гучных спраў

11
У Менску пратэстуюць супраць закрыцця гучных спраў

Следства па справе зніклых палітыкаў, якое працягвалася амаль 14 гадоў, так і не ўстанавіла ні абставінаў іх знікнення, ні вінаватых у гэтым.

Між тым, тэрмін даўнасці па гэтых справах заканчваецца праз год. Пасля 2014 года ўлады могуць са спакойным сумленнем заявіць пра тое, што «мы зрабілі ўсё магчымае, аднак целы зніклых не знойдзеныя, а вінаватыя не ўстаноўленыя», піша ПЦ «Вясна».

12 лютага прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх рухаў і праваабарончых арганізацый сабраліся разам, каб выпрацаваць адзіную тактыку дзеянняў, якая б не дазволіла пакласці пад сукно справы тайных распраў над былым міністрам унутраных спраў Юрыем Захаранкам, палітыкам Віктарам Ганчаром, прадпрымальнікам Анатолем Красоўскім, журналістам Змітром Завадскім. Афіцыйна пра іх лёс нічога невядома. Паводле неафіцыйных дадзеных, яны сталі ахвярамі «эскадрона смерці».

Юрыст Гары Паганяйла праінфармаваў удзельнікаў круглага стала «Справы зніклых - без тэрміну даўнасці» пра тое, што сваякі зніклых і іх афіцыйныя прадстаўнікі падрыхтавалі хадайніцтва на імя Генеральнага пракурора Беларусі аб падаўжэнні тэрмінаў расследавання па гэтых справах. Аднак гэта толькі маленькая кропля той працы, якую трэба зрабіць, каб устанавіць ісціну.

Падчас абмеркавання ўдзельнікі сустрэчы выносілі розныя прапановы з нагоды далейшых крокаў у гэтым кірунку. Праваабаронца Людміла Гразнова лічыць, што толькі прававымі механізмамі цяжка чаго-небудзь дасягнуць, трэба апеляваць розумамі людзей, каб змяніць стаўленне грамадства да тэмы зніклых палітыкаў, змяняць сітуацыю ў краіне, змяняць імідж самой апазіцыі.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч выдзеліў 3 асноўных блока дзеянняў:

першы: прававыя дзеянні ў рамках нацыянальнага заканадаўства;

другой: міжнародныя дзеянні, уключаючы зварот і прадстаўленне поўнай і дакладнай інфармацыі спецдакладчыку Рады ААН па Беларусі Міклашу Харашці, а таксама іншыя інструменты, уключаючы і Камітэт па правах чалавека ААН;

трэці: інфармацыйны, які павінен быць накіраваны на працу з грамадствам і фарміраванне грамадскай думкі на сучасным узроўні.

Сярод іншых прапаноў, якія прагучалі падчас абмеркавання, была адобраная падрыхтоўка нацыянальнага дакладу па праблеме зніклых і яго шырокая прэзентацыя, стварэнне прафесійных дакументальных фільмаў, шырокі збор подпісаў праз так званыя электронныя петыцыі.

Свае канструктыўныя прапановы ўносілі сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў, грамадскі актывіст і гісторык Вацлаў Арэшка.

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які выступіў у якасці ініцыятара і гаспадара сустрэчы, заклікаў выпрацаваць агульную канцэпцыю дзеянняў, уключыць у яе ўсе прапановы, якія прагучалі, і пачаць неадкладныя кансалідаваныя дзеянні. «Гэтая ініцыятыва адкрытая для іншых партый і аб'яднанняў, хто не на словах можа і хоча дапамагчы нам ў праблеме гвалтоўных знікненняў», - падкрэсліў палітык.

Справы зніклых не павінны быць спісаныя ў архіў, ні праз год, ні праз дзесяць. Для грамадства ў іх не можа быць тэрміну даўніны, нават праз 15 гадоў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках