13 верасня 2026, Нядзеля, 20:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі за адну базавую велічыню прадаюць сядзібу з «золатам Напалеона»

У Беларусі за адну базавую велічыню прадаюць сядзібу з «золатам Напалеона»
Фота: realt

Паводле легенды, скарб схаваны дзесьці на тэрыторыі маёнтка.

Закінутую сядзібу Цюндзевіцкіх у вёсцы Галошава выставілі на аўкцыён. Пакупнік можа атрымаць сядзібны дом плошчай 621 «квадрат» і 77 сотак зямлі ў арэнду на 50 гадоў за адну базавую велічыню – сёння гэта 45 рублёў, паведамляе Times.by.

Ёсць абмежаванні: аб’ект трэба адрэстаўраваць не пазней чым за тры гады, а пасля выкарыстоўваць толькі для культурна-асветніцкай дзейнасці або аграэкатурызму. Таксама будучаму ўладальніку давядзецца адразу кампенсаваць амаль 4,8 тыс. рублёў выдаткаў на арганізацыю аўкцыёна і падрыхтоўку дакументаў.

Дом пабудаваны ў 1897 годзе, прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Існуе легенда, што на тэрыторыі сядзібы схавана золата Напалеона, нібыта закапана тут падчас адступлення французскай арміі ў 1812 годзе.

Маёнтак лічыўся паказальным гаспадарствам з некалькімі заводамі і лесапілкай. Пасля 1917 года Цюндзевіцкія збеглі ад савецкай улады і не вярнуліся. З 1974 года тут размяшчалася 8-класная сельская школа, але з канца 1990-х будынак пустуе.

Цяпер у доме няма ні водазабеспячэння, ні электразабеспячэння, ні ацяплення, ні каналізацыі. Спробы прадаць аб’ект рабіліся ўжо не раз, але ахвотных так і не знайшлося.

Падаць заяўку на ўдзел у аўкцыёне можна да 18 верасня. Торгі запланаваныя на 23 верасня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках