Лукашэнка зноў атакаваў долар
5- 13.09.2026, 17:57
Гэтую вайну дыктатар ужо прайграў.
Пасля пэўнай паўзы кіраўнік Беларусі вярнуўся да сваёй даўняй барацьбы супраць амерыканскай валюты, паведамляе «Салідарнасць».
11 верасня, каментуючы размову з расійскім алігархам Уладзімірам Патаніным, кіраўнік заявіў, што пры цяперашняй палітыцы ЗША трымаць долары ў рэзервах нібыта небяспечна і лепш іх інвеставаць у канкрэтныя праекты:
— Сёння беларусы бачаць і іншае: каму сёння патрэбны долар? Ён ужо нікому не патрэбны.
Заява Аляксандра Лукашэнкі выглядае дзіўна: долар ЗША застаецца галоўнай сусветнай валютай, ён займае значную долю ў міжнародных рэзервах многіх краін — верагодна, і ў рэзервах Беларусі (гэтыя даныя не раскрываюцца).
Яшчэ больш дзіўнымі паводзіны Лукашэнкі выглядаюць, калі ўзяць пад увагу, што з амерыканскім доларам ён упарта змагаецца шмат гадоў.
Напрыклад, у 2010 годзе кіраўнік заявіў:
— Хачу вас папярэдзіць. Вы бачыце, што адбываецца з доларам. Амерыканцы вырашылі падтрымаць сваю эканоміку і ўкідваюць у яе, як мінімум, 600 млрд долараў. У такіх выпадках звычайна адбываецца дэвальвацыя валюты. Таму будзьце асцярожныя з гэтым доларам. Я вас папярэдзіў.
Праз год кіраўнік назваў амерыканскую валюту «доларавымі паперкамі».
Пры гэтым у рэальнасці адбывалася зусім адваротнае.
За 30 гадоў кіравання Лукашэнкі ў Беларусі афіцыйны курс долара ЗША да беларускага рубля вырас амаль у 12 тысяч разоў, падлічыла некалькі гадоў таму інфармацыйнае агенцтва «Позірк». Гэта найгоршы паказчык у параўнанні з суседнімі краінамі і краінамі на прасторы былога СССР.
Нягледзячы на ўсё гэта, Лукашэнка не здаецца і працягвае смешыць людзей.