19 красавiка 2024, Пятніца, 9:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З міністрам культуры пагутарылі пра «Бульбаш-хол»

10
З міністрам культуры пагутарылі пра «Бульбаш-хол»

Абаронцы Курапатаў паспрабавалі пераканаць міністра культуры, што ля ўрочышча нельга будаваць «Бульбаш-хол».

Грамадскія актывісты, якія пратэстуюць супраць забудовы тэрыторыі ля мемарыяла ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, 6 лютага сустрэліся з міністрам культуры Барысам Святловым, паведамляе БелаПАН.

«Мы імкнуліся пераканаць міністра, што на тэрыторыі вакол Курапатаў не павінны будавацца аб'екты, якія не маюць наўпроставага дачынення да мемарыяла. На словах нашыя прапановы быццам бы падтрымлівалі, але ўсё ж казалі, што кошт зямлі вельмі высокі, таму скасаваць раней прынятыя пастановы будзе складана», - паведаміла грамадская актывістка Ганна Шапуцька 6 лютага ў Менску на пасяджэнні круглага стала «У абарону мемарыяла «Курапаты».

На сустрэчы з міністрам грамадскія актывісты ўзнялі пытанне пра свой удзел у распрацоўцы праекта ахоўных зон ля Курапатаў, а таксама аб удзеле ў далейшых грамадскіх слуханнях на гэтую тэму.

Збор подпісаў супраць будаўніцтва паблізу мемарыяла рэстараннага комплексу «Бульбаш-хол» быў ініцыяваны грамадскімі актывістамі мінулай восенню. Акцыя ў абарону Курапатаў прычынілася да таго, што ў лістападзе Міністэрства культуры вынесла прадпісанне аб прыпыненні работ у ахоўнай зоне, дзе будуюць забаўляльны цэнтр.

У Генеральную пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі былі накіраваныя звароты з патрабаваннем вызначыць, хто і на якой падставе зменшыў ахоўную зону ля ўрочышча Курапаты з 300 да 100 метраў, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Акрамя таго, гучала патрабаванне прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія паставілі свае подпісы пад дакументам аб выдзяленні надзела для будаўніцтва рэстараннага комплексу.

У афіцыйным адказе, які землеўпарадкавальная служба Менаблвыканкама накіравала грамадскім актывістам, гаварылася: будаўніцтва чатырох жылых дамоў паблізу ад мемарыяла было спыненае.

«Аднак мы пакуль так і не атрымалі адказы на пытанні, хто і чаму даваў дазвол на будаўніцтва «Бульбаш-хола», чаму былі дапушчаныя парушэнні, якімі нарматыўна-прававымі актамі кіраваліся чыноўнікі падчас прыняцця пастановы», - падкрэсліла сёння на пасяджэнні круглага стала Ганна Шапуцька.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках