26 красавiка 2024, Пятніца, 7:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Інтэграл» здаюць Расеі

73
«Інтэграл» здаюць Расеі

За льготную расейскую нафту ўлады могуць часткова расплаціцца флагманам беларускай мікраэлектронікі.

Аб'яднанне ААТ «Інтэграл» з холдынгам «Расейская электроніка» можа стаць вынікам натуральнага працэсу ўзбуйнення расейскіх карпарацый, мяркуюць назіральнікі. Перашкодзіць гэтаму могуць толькі шэраг фактараў, якія адносяцца да сферы палітыкі, перадае «Deutsche Welle».

Механізм інтэграцыі актываў холдынгу «Расейская электроніка», які ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Растэхналогіі», і менскага ААТ «Інтэграл» павінен быць адпрацаваны да канца сакавіка. Такая задача была пастаўленая па выніках праведзеных 13 сакавіка ў Маскве перамоваў першага віцэ-прэм'ера ўрада Беларусі Уладзіміра Сямашкі і віцэ-прэм'ера расейскага ўрада Аркадзя Дварковіча.

Як паведаміў у сакавіку журналістам гендырэктар «Інтэграла» Віталь Саладуха, «пакуль усё знаходзіцца на стадыі перамоваў, падпісанае пагадненне аб канфiдэнцыяльнасцi, ніхто не мае права нічога выдаваць». У той жа час Саладуха распавёў, што праграма па тэхнічным пераўзбраенні «Інтэграла» распісаная да 2020 года, і ў ёй прадугледжаныя вялікія аб'ёмы інвестыцый. А ў якасці галоўнага інвестара разглядаецца менавіта «Расейская электроніка».

Апошняе цалкам лагічна. «Інтэграл» выпускае больш за мільярд мікрасхем і столькі ж паўправадніковых прыбораў у год, з'яўляючыся найбуйнейшым прадпрыемствам галіны ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Пры гэтым амаль 80 адсоткаў яго прадукцыі ў 2012 годзе было экспартавана ў Расею.

Эксперты паказваюць на рызыкі, здольныя перашкодзіць зліццю. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра палітыку беларускіх уладаў.

Па словах Дзмітрыя Баранава, вядучага эксперта расейскай кампаніі «Фінам менеджмэнт», галоўны з рызык - непрадказальнасць афіцыйнага Менска, які можа ў любы момант заявіць пра неактуальнасць працягу супрацоўніцтва. «Што такое «прыватызацыя па-беларуску», расейскія кампаніі і ўлады ведаюць выдатна. Ужо не адзін раз абпальваліся, і наўрад ці варта спрабаваць яшчэ», - мяркуе Баранаў.

На палітычны фактар звяртае ўвагу беларускі эканамічны эксперт Міхаіл Радкевіч, адзначаючы, што і беларуская, і расейская кампаніі - дзяржаўныя. А таму актывы «Інтэграла» цалкам могуць «разглядацца ў якасці частковай кампенсацыі за пастаўкі Беларусі расейскай нафты на льготных умовах».

Нагадаем, што на вышэйзгаданай сакавіцкай сустрэчы Уладзімір Сямашка і Аркадзь Дварковіч узгаднілі аб'ём паставак нафты Менску толькі на другі квартал 2013 года. Чакаецца, што нафтавы баланс на трэці і чацвёрты кварталы будзе зацверджаны да ліпеня. Працэдура зацвярджэння ўскладняецца тым, што беларускі бок традыцыйна хоча атрымліваць энерганосьбіты па льготным кошце ў большым аб'ёме, чым гатовы даваць расейскі.

Звычайна ў такіх выпадках Масква настойвае на пэўнай кампенсацыі за прэферэнцыі. Цяпер, адзначаюць аналітыкі, у якасці такой можа выступаць аб'яднанне актываў «Расейскай электронікі» і «Інтэграла». Плануецца, што партнёры створаць сумеснае прадпрыемства. Але на якіх умовах - нікому невядома.

Кіраўнік менскага аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка ўпэўнены, што лёс «Інтэграла» прадвызначаны. На яго думку, падраздзяленні завода, які сёння перажывае не самыя лепшыя часы, даўно варта было б перапрафіляваць і мадэрнізаваць. Але своечасова, пасля распаду СССР, гэта зроблена не было і цяпер пра эканамічныя перспектывы «Інтэграла», які ўвесь час патрабуе грошай на мадэрнізацыю, казаць складана.

Заіка папярэджвае, што калі завод застанецца без інвестыцый, то можа «ціха зачахнуць». А ў беларускага бюджэту свабодных сродкаў няма. У гэтай сітуацыі магчымае зліццё і нават паглынанне «Інтэграла» холдынгам «Расейская электроніка» Леанід Заіка называе працэсам натуральным. «Многія расейскія карпарацыі будуць узбуйняцца за кошт беларускіх прадпрыемстваў, нічога дзіўнага тут няма», - падвёў вынік дырэктар «Стратэгіі».

Фотa: news.open.by

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках