Два гады таму ўзарвалі менскае метро
99- 11.04.2013, 1:46
11 красавіка 2011 года прагрымеў выбух на станцыі метро «Кастрычніцкая» ў Менску.
15 чалавек загінулі, 387 - атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. У здзяйсненні выбуху абвінавацілі ўраджэнцаў Віцебска Змітра Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яны абодва былі затрыманыя ўжо праз суткі, увечары 12 красавіка. Акрамя выбуху ў метро, іх абвінавацілі ў тэрактах у Віцебску восенню 2005 года і ў Менску 4 ліпеня 2008-га.
Крымінальную справу аб выбуху ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў цалкам. Кавалёў сваё дачыненне да ўсіх трох выбухаў адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання абгаварыў сябе і Канавалава пад ціскам следства. 30 лістапада суд прыгаварыў іх да вышэйшай меры пакарання - смяротнай кары.
Кавалёў падаў касацыйную скаргу на прысуд і прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Канавалаў, па афіцыйных дадзеных, прашэнне не падаваў.
Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта «небяспекай і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадства здзейсненых актаў тэрарызму».
Камітэт ААН па правах чалавека, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва, заклікаў улады Беларусі не караць смерцю асуджанага да таго часу, пакуль скарга не будзе разгледжаная. Тым не менш 17 сакавіка 2012 стала вядома, што абодва смяротныя прысуды прыведзеныя ў выкананне. Як вынікае з афіцыйнай даведкі пра смерць Кавалёва, гэта адбылося 15 сакавіка.
Шмат хто ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракту, сумняваюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны паказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, довады абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэдэнтна хуткае пакаранне абвінавачаных у тэракце, што, на іх думку, выглядае падазрона.
Маці аднаго з пакараных Любоў Кавалёва не верыць у вінаватасць свайго сына. Яна разам з праваабаронцамі на працягу года спрабавала дамагчыся ад уладаў інфармацыі пра месца яго пахавання і выдачы цела. Бацькі іншага пакаранага на кантакт з журналістамі не ідуць.
Міжнародная супольнасць, у тым ліку Рада Еўропы і Еўразвяз, асудзілі расстрэл Канавалава і Кавалёва і ў чарговы раз заклікалі Беларусь - адзіную ў Еўропе краіну, дзе да гэтага часу прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды - увесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Некалькі дзён таму нямецкая парламентарый Марылуіза Бек нагадала пра суд над Канавалавым і Кавалёвым. Яна заявіла, што судовы разгляд па справе двух маладых людзей прадэманстраваў усю неадпаведнасць паказальнага судовага працэсу прававым крытэрам: супярэчлівасць доказаў, напалоханасць сведак і іх вымушанае маўчанне, ігнараванне алібі абвінавачаных, нарэшце тое, што прызнанні асуджаных былі атрыманыя ў выніку катаванняў.