У Егіпце пачынаецца перагляд справы Мубарака
- 13.04.2013, 11:04
Новы працэс над экс-прэзідэнтам Егіпта Хосні Мубаракам у справе аб карупцыі і расправе над ягонымі апанентамі пачынаецца ў суботу.
У мінулым годзе ён разам з экс-міністрам унутраных спраў Хабібам Адлі быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення за дачыненне да загубы ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў у 2011 годзе, паведамляе BBC.
Хоць Хосні Мубарак так і не прызнаў сваю віну, суд палічыў, што ён не прадухіліў загубу сотняў удзельнікаў акцый пратэсту, якія прычыніліся да падзення ягонага рэжыму два гады таму.
Пасля апеляцыі абаронцаў Мубарака праз працэсуальныя парушэнні суд пастанавіў перагледзець справу.
Цяпер былы прэзідэнт знаходзіцца на лячэнні ў вайсковым шпіталі.
Фота: AP