Масква страшыць краіны ЕЗ забаронай на ўсынаўленне расейскіх дзяцей
22- 26.04.2013, 15:23
Расея прыстрашыла забараніць усынаўленне ірландцамі расейскіх дзяцей у выпадку, калі парламэнт краіны падтрымае «спіс Магніцкага».
Пра гэта піша брытанскае выданне The Financial Times (пераклад - Inopressa.ru).
Масква ўжо ўвяла забарону на ўсынаўленне расейскіх сірот амерыканцамі - гэта адказ на прыняты ў снежні ў Кангрэсе ЗША «Закон Магніцкага». Пагроза Ірландыі, якая старшынюе ў ЕЗ, закліканая перашкодзіць прыняццю аналагічных законапраектаў у іншых краінах Еўразвязу.
Амбасадар Расеі ў Ірландыі Максім Пешкаў накіраваў у камітэт міжнародных спраў і гандлю ірландскага парламэнта ліст, у якім папярэдзіў, што крокі Дубліна для ўвядзення гэткіх санкцый «могуць зрабіць негатыўны ўплыў на бягучыя перамовы аб пагадненні ў галіне ўсынаўлення паміж Расеяй і Ірландыяй». Біл Браўдэр, кіраўнік фонду, у якім працаваў Магніцкі, назваў ліст расейскага дыпламата «атакай на ірландскую дэмакратыю».
Старшыня камітэта Пэт Брын заявіў, што ліст расейскага амбасадара паказвае, што могуць быць закрануты розныя сфэры ўзаемадзеяння дзвюх краін, у прыватнасці гандаль і ўсынаўленне дзяцей, таму варта знайсці кампрамісную развязку.
Аўтары камэнтара адзначаюць, што ірландскае «ўсынаўленчае» лобі валодае значнай палітычнай вагой, бо попыт на прыймовых дзяцей з-за мяжы перасягае даступныя магчымасці.
Аўтар законапраекта сэнатар Джым Уолш назваў пагрозу Расеі «неразумнай», «бо яна карае ўласны народ, а не краіну, супраць якой яна скіраваная».
«Закон Магніцкага» быў прыняты ў ЗША ў канцы 2012 года і выклікаў віхуру абурэння ў расейскіх улад. У адказ Дзярждума прыняла так званы «антымагніцкі закон», у якім змяшчаецца забарона на ўсынаўленне расейскіх сірот амерыканскімі грамадзянамі.
Абвінавачаны ва ўхіленні ад выплаты падаткаў юрыст і аўдытар фонду Hermitage Capital Сяргей Магніцкі памёр у маскоўскім следчым ізалятары 16 лістапада 2009 года. Прычынай ягонай смерці была названая вострая сэрцава-судзінная недастатковасць. 19 сакавіка СК РФ спыніў крымінальную справу паводле факту смерці Магніцкага праз адсутнасць падзеі злачынства.