14 чэрвеня 2026, Нядзеля, 3:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўропе патрэбная стратэгія па Беларусі

29
Еўропе патрэбная стратэгія па Беларусі

Сітуацыя ў Беларусі абмяркоўвалася ў Таліне на высокім узроўні.

Канферэнцыя памяці Лянарта Мэры праходзіла ў Таліне 24-26 траўня. Гэта штогадовая канферэнцыя, на якой абмяркоўваюцца пытанні міжнароднай палітыкі і асноўная ўвага надаецца рэгіёну Балтыйскіх дзяржаў. Асаблівасць гэтай канферэнцыі ў тым, што яна праходзіць пад патранажам прэзідэнта Эстоніі Тоомаса Хенрыка Ілвеса, які актыўна ўдзельнічае ва ўсіх пасяджэннях гэтага буйнога міжнароднага форуму.

Дарэчы, у 2011 годзе прэзідэнт Эстоніі на адкрыцці канферэнцыі казаў пра падзеі ў Беларусі: разгон акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года і тых, хто апынуўся ў турмах.

Па традыцыі канферэнцыя праходзіць на высокім узроўні, з удзелам сусветных лідараў. У гэтым годзе ў ёй, акрамя прэзідэнта Эстоніі, прымалі ўдзел: прэм'ер-міністр Латвіі Валдзіс Дамброўскіс, прэм'ер-міністр Эстоніі Андрус Ансіп, намеснік дзяржсакратара ЗША Роўз Готэмюлер, міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт, міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс, кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Паэт, былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, былы прэзідэнт Сербіі Барыс Тадзіч, міністр абароны Грузіі Іраклій Аласанія, прэзідэнт амерыканскай няўрадавай арганізацыі «Фрыдам Хаўс» Дэвід Крэмер, адзін з лідараў расейскай апазіцыі Барыс Нямцоў, старшыня Камітэта па еўрапейскай інтэграцыі Вярхоўнай Рады Украіны Рыгор Немыра, прадстаўнікі вядучых аналітычных цэнтраў Еўропы і ЗША, журналісты, грамадскія дзеячы.

Ад Беларусі на канферэнцыю былі запрошаныя лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў і ўдава выкрадзенага ў Беларусі бізнесмена і грамадскага дзеяча, кіраўнік фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская.

Асобная сесія была прысвечаная сітуацыі ў Беларусі. У ёй прынялі ўдзел Андрэй Саннікаў, Барыс Нямцоў, а таксама прадстаўнік Інстытута міжнародных даследаванняў Аркадзь Мошэс і аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Яна Кобзева. Мадэратарам дыскусіі быў эксперт Нямецкага фонду Маршала, былы кіраўнік МЗС Славакіі Павал Дэмеш.

«Дыскусія па Беларусі была вельмі ажыўленай, у ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі ўрадаў, грамадскіх арганізацый, журналісты. Сітуацыя ў Беларусі выклікае вялікую трывогу. Рэпрэсіі супраць апазіцыі, грамадзянскай супольнасці ўсё больш і больш турбуюць міжнародную супольнасць. Спробы аднаўлення кантактаў з рэжымам Лукашэнкі ні да чаго не прывялі, а становішча палітвязняў становіцца ўсё горшым.

У мяне выклікае вялікую занепакоенасць тое, што напярэдадні саміту «Усходняга партнёрства» асобныя еўрапейскія палітыкі зноў пачынаюць дэманстраваць падыходы ў стылі «рэал-палітык». Асаблівую актыўнасць у гэтым кірунку праяўляюць Літва: гэта і даклад Палецкіса, і правядзенне эканамічных форумаў на высокім узроўні. З аднаго боку гэта зразумела: Літва з ліпеня становіцца старшынёй ЕЗ і будзе праводзіць саміт «Усходняга партнёрства». Але з іншага боку, спробы любой цаной прывезці ў Вільню прадстаўнікоў дыктатуры без змены сітуацыі з правамі чалавека, будзе азначаць правал гэтага саміту», - заявіў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю сайту charter97.org.

Палітыку атрымалася абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі з прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Ілвесам, міністрам замежных спраў Швецыі Карлам Більтам, міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам, былым прэм'ерам Літвы Андрусам Кубілюсам, міністрам абароны Грузіі Іракліям Аласанія, прэзідэнтам «Фрыдам Хаўс» Дэвідам Крэмерам, прадстаўнікамі іншых дзяржаў, аналітыкамі.

«Гэтыя сустрэчы пацвердзілі, што ёсць добрае разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі: рэжым Лукашэнкі не робіць ніякіх крокаў па паляпшэнню сітуацыі з правамі чалавека, становішча палітвязняў вельмі цяжкае, і спробы асобных палітыкаў наладзіць нейкі дыялог з дыктатурай выклікаюць усё большае здзіўленне ў міжнароднай супольнасці», - паведаміў палітык.

Некалькі разоў на канферэнцыі гучала, што беларуская мадэль рэпрэсій актыўна выкарыстоўваецца ў Расеі. Барыс Нямцоў, у прыватнасці, казаў пра тое, што дэмакратычныя перамены ў Беларусі, несумненна, станоўча паўплываюць на сітуацыю ў Расеі.

«Я думаю, што міжнародная супольнасць, у прыватнасці, Еўропа ўшчыльную падышла да таго, каб разглядаць існаванне дыктатуры ў Беларусі са стратэгічнага пункту гледжання і прыняць канкрэтныя меры па змяненні сітуацыі», - сказаў лідар «Еўрапейскай Беларусі».

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках