23 кастрычнiка 2021, Субота, 20:20
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Гэта не фотасесія, а здзек над арыштантамі

79
Зміцер Бандарэнка: Гэта не фотасесія, а здзек над арыштантамі

(абноўлена) Былы палітвязень лічыць пераможцу конкурсу Belarus Press Photo Цуранава саўдзельнікам катаванняў.

Пра гэта каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org, каментуючы вынікі цэрымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў конкурсу, якая прайшла ўчора ў Менску.

«Шакаваны рашэннем журы Belarus Press Photo прысудзіць Гран-пры супрацоўніку газеты «На страже» Вячаславу Цуранаву. Магчыма, нехта ў гэтых здымках з Жодзінскай турмы ўгледзеў глыбокі філасофскі сэнс. Я бачу ў іх сведчанне таго, што супрацоўнік-фатограф Цуранаў стаў як мінімум саўдзельнікам катаванняў і здзекаў над вязнямі. Абсалютна ясна, што гэтая дзікая фотасесія з дурацкім крэслам у шпацырным дворыку не была добраахвотнай. Зняволеныя не глядзяць у аб'ектыў, а іх рукі ў мароз скаваныя за спіной кайданкамі. Калі я сядзеў у карцэры турмы КДБ, мне «пашчасціла» шпацыраваць у кайданках у 15-градусны мароз. Магу сказаць, што гэта самае сапраўднае катаванне. Чалавек адчувае вельмі моцны боль, а пасля такога «шпацыру» кісці рук на працягу некалькіх гадзін застаюцца сінімі. Для садыстаў важна, што пры гэтым не застаецца слядоў.

На жаль, для многіх беларускіх міліцыянтаў і фотакора «На страже» Цуранава зняволеныя - толькі бяспраўныя рабы. Але пра што думалі члены журы паважанага конкурсу, застаецца незразумелым.

Дапускаю думку, што журы Belarus Press Photo вырашыла прысудзіць Гран-пры супрацоўніку міліцэйскай газеты для таго, каб альбом не быў прызнаны ўладамі экстрэмісцкім, як гэта здарылася з выданнем 2011 года. Але пры гэтым ствараецца небяспечны прэцэдэнт: ці не апынецца, што ў наступным годзе пераможцам стане супрацоўнік ААЦ з глыбока філасофскімі здымкамі расстрэла зняволеных», - заявіў Зміцер Бандарэнка.

Вячаслаў Цуранаў. Фото: svaboda.org

Вячаслаў Цуранаў. Фота: svaboda.org

Нагадаем, Belarus Press Photo - гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі. Ён закліканы стымуляваць развіццё фотажурналістыкі, падтрымаць абмен вопытам і ведамі паміж пакаленнямі беларускіх фатографаў, сфармуляваць высокія прафесійныя стандарты ў фотажурналістыцы і садзейнічаць свабоднаму і неабмежаванаму абмену прафесійнай інфармацыяй.

У 2013 годзе аргкамітэт атрымаў больш 2500 конкурсных здымкаў ад рэкорднай колькасці ўдзельнікаў - 114-ці. Пераможцы вызначаюцца ў 9-і рубрыках - «Навіны», «Паўсядзённае жыццё», «Спорт», «Рэпартажны Партрэт», «Пастановачны Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Традыцыі» і «Мабілаграфія». У кожнай намінацыі ўзнагароджваліся як адзінкавыя здымкі, так і серыі работ.

Крыху пазней у Інтэрнэце з'явілася фатаграфія, якая паказвае, якім чынам праводзілася фотасесія ў Жодзінскай турме.

Вячаслаў Цуранаў, На страже.

Цэрымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу прайшла ўчора ў Менску.

Уладальнік Гран-пры Вячаслаў Цуранаў 11 гадоў працуе фотакарэспандэнтам у газеце «На страже» Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.