У Польшчы ўпаў невядомы аб’ект падчас атакі РФ на Украіну
1- 30.07.2026, 9:17
- 1,922
Утварылася варонка.
30 ліпеня ў Люблінскім ваяводстве Польшчы праваахоўнікі выявілі варонку на месцы падзення невядомага аб’екта пасля паветранай трывогі.
Пра гэта паведамляе BNO News.
Паветраная трывога на ўсходзе Польшчы была абвешчаная на фоне паведамленняў пра тое, што адна або дзве ракеты маглі ўвайсці ў паветраную прастору краіны падчас маштабнай расійскай атакі на Украіну.
Нягледзячы на гэта, польскія ўлады пакуль афіцыйна не пацвердзілі факт парушэння паветранай прасторы. У сацыяльных сетках распаўсюджваюцца відэа, на якіх чутны гук сірэн паветранай трывогі ў розных частках рэгіёну.
Прадстаўнік ваяводы Люблінскага ваяводства Марцін Бубіч заявіў, што ўлады атрымалі «даставерную і пацверджаную» інфармацыю непасрэдна ад Урадавага цэнтра бяспекі Польшчы пра пагрозу авіяўдару.
Яшчэ да абвяшчэння паветранай трывогі польскія вайскоўцы заявілі, што ў паветранай прасторы Польшчы дзяжурылі знішчальнікі і самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення, паколькі расійская далёкая авіяцыя наносіць удары па тэрыторыі Украіны.
Акрамя таго, паводле звестак Аператыўнага камандавання Узброеных сіл Польшчы, у стане падвышанай гатоўнасці былі наземныя сістэмы супрацьпаветранай абароны і радыёлакацыйныя сродкі.
Падчас паветранай трывогі ў Люблінскім ваяводстве Польшчы жыхары паведамлялі пра гукі выбухаў. Пазней у полі паблізу вёскі Тарнава-Калонія выявілі варонку, якая, верагодна, утварылася пасля падзення невядомага аб’екта.
На месца інцыдэнту аператыўна прыбылі ратавальнікі і паліцыя. Са заявай з гэтай нагоды выступіў спікер ваяводскага камандавання Дзяржаўнай пажарнай аховы ў Любліне Тамаш Стахіра.
Па яго словах, цяпер службы ахоўваюць тэрыторыю і забяспечваюць бяспеку ў раёне, дзе, паводле папярэдніх звестак, мог упасці невядомы аб’ект.
Абноўлена
У Узброеных сілах Польшчы паведамілі, што а 03:40 (04:40 паводле мінскага часу) ў паветранай прасторы Польшчы быў выяўлены неапазнаны аб’ект, які рухаўся ў заходнім напрамку.
«Для яго апазнання і перахопу ў раён быў накіраваны дзяжурны знішчальнік F-16. А 03:46 (04:46 паводле кіеўскага часу), да таго як удалося канчаткова ідэнтыфікаваць аб’ект, ён знік з экранаў радыёлакацыйных сістэм», — паведамілі ў польскай арміі.
У раён апошняга зафіксаванага месцазнаходжання аб’екта накіравалі верталёт Мі-24. Пазней там выявілі вялікую варонку, якая, меркавана, утварылася ў выніку яго падзення.