29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працэс па «шпіёнскай» справе: дапыталі маці Гайдукова

5
Працэс па «шпіёнскай» справе: дапыталі маці Гайдукова

Вольга Гайдукова распавяла, што была сведкай з боку абароны на судовым працэсе над сынам, якога абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве».

Гайдукова атрымала афіцыйны адказ ад старшыні Віцебскага абласнога суда: на спатканне з Андрэем яна можа разлічваць толькі пасля заканчэння суда, перадае «Радыё Свабода».

Вольгу Гайдукову дапыталі ў судзе 20 чэрвеня.

«Я таксама дала падпіску аб невыдаванні, таму нічога падрабязна сказаць не магу. Ды я нічога і не зразумела, у чым абвінавачваюць Андрэя, з тых пытанняў, што мне задавалі. Выклікалі мяне ў чацвер, 20 чэрвеня. Але распавядаць асабліва няма чаго. Паглядзела на Андрэя, ён схуднеў, але выглядае нармальна. І трымаецца добра, настрой добры. Даведалася і рашэнне старшыні суда адносна спаткання. Сказана, што яго могуць дазволіць толькі пасля заканчэння судовага працэсу. Навошта я тады пісала заяву? Навошта ён казаў, што нешта можна па ёй вырашыць? Сказаў бы адразу, што па законе - толькі пасля суда, і я не спадзявалася б дарэмна», - заявіла Вольга Гайдукова.

Заяву з нагоды спаткання Вольга Гайдукова прывозіла ў Віцебск асабіста яшчэ 14 чэрвеня. Бо ў тыя дні старшыня суда паабяцаў праваабаронцу Паўлу Левінаву і каардынатару аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Таццяне Севярынец, што абмяркуе магчымасць спаткання з суддзёй Галінай Урбановіч, якая вядзе працэс Андрэя Гайдукова.

Цяпер, калі рашэнне вядомае, застаецца толькі чакаць лістоў, кажа Вольга Гайдукова.

«Прыйшла паштоўка, датаваная 18 чэрвеня. 21-га мы перадалі Андрэю харчовую перадачу. Ужо відавочна, што працэс гэтак хутка не скончыцца», - разважае Гайдукова.

Наступнае пасяджэнне запланаванае на чацвер 27 чэрвеня. Па словах Вольгі Гайдуковай, адвакаты не казалі, што ў гэты дзень прагучыць прысуд Андрэю Гайдукову.

Нагадаем, суд над палітвязнем Андрэем Гайдуковым пачаўся 12 чэрвеня. Пра тое, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, раней паведаміў старшыня КДБ Валерый Вакульчык. Андрэя Гайдукова судзяць у Віцебскім абласным судзе. Актывіст апазіцыі быў этапаваны ў абласны цэнтр 3 чэрвеня. Яго сваякам адмовілі ў сустрэчы з ім.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Андрэя Гайдукова затрымалі «падчас закладкі схованкі са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Праваабаронцы і актывісты апазіцыі лічаць гэта абвінавачванне бессэнсоўным.

Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай, у якой паведамлялася пра тое, што актывіста затрымалі за распаўсюджванне газеты «Хартыя'97». Пераслед Андрэя Гайдукова звязваюць з яго апазіцыйнымі поглядамі і тлумачаць спробамі запалохаць моладзевых актывістаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках