15 чэрвеня 2026, панядзелак, 11:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Памежны камітэт: Афіцыйны дакумент глядзіце на «Хартыі'97»

71
Памежны камітэт: Афіцыйны дакумент глядзіце на «Хартыі'97»

Паводле новых правілаў на чырвоны канал пры перасячэнні мяжы адпраўляюць нават службовыя аўтамабілі.

Новыя правілы перасячэння мяжы (хоць афіцыйна іх так не называюць), што ўвайшлі ў дзеянне з 4 чэрвеня, дзейнічаюць і бухтораць нашых суграмадзян, піша «Вечерний Брест». Не супакоілі іх і афіцыйныя заявы, якія прагучалі з тэлеэкранаў у чацвер, 6 чэрвеня: маўляў, ніякіх змен няма, казаць пра абмежаванні некарэктна. У людзей, якія акурат у гэты дзень перасякалі мяжу, на гэты конт іншае меркаванне.

Берасцеец Аляксандр, які вяртаўся ў Берасце з Польшчы праз пункт пропуску Дамачава-Славатычы ў чацвер увечары, ахарактарызаваў сітуацыю на мяжы адным словам: вар’ятня. У Польшчу ў справах бізнэсу яму даводзіцца ездзіць часта, прыкладна два разы на тыдзень, але як мяжу ён пераязджаў на службовым аўтамабілі і з падарожным пасведчаннем у кішэні, то й карыстаўся заўсёды «зялёным» каналам. Аднак гэтым разам яго накіравалі на «чырвоны».

«Мы вярталіся з чарговай выправы, - распавядае Аляксандр. - У самаходзе - два чалавекі, з багажу адна ручная паклажа. Становімся звыкла на зялёны канал, але памежнік пасля праверкі дакументаў пашпарты нам вяртае, а талон перадае ў мытную службу. Мытнік у сваю чаргу заяўляе, што не мае права рабіць агляд транспарту на зялёным канале, і дае наказ пераставіць яго на чырвоны. Прычына - мы перасякаем мяжу часцей чым раз на 8 дзён».

На чырвоны канал накіравалі шмат каго, у тым ліку і тых, хто вёз з Польшчы прадукты для асабістага карыстання, а таксама некалькіх бізнэсоўцаў, якія вярталіся з выправы. Людзі сталі абурацца, распавядае Аляксандр, і запатрабавалі выклікаць каго-небудзь з кіраўніцтва памежнага камітэта.

«Дык памежнікі прыстрашылі, што выклічуць ОМОН, каб навесці парадак. Я тэлефаную аператыўнаму дзяжурнаму ў памежны камітэт, пытаюся: на падставе якой пастановы вы адпраўляеце людзей на чырвоны канал? А ён, падкрэсліваю - афіцыйная асоба! - адказвае: зайдзіце на сайт «Хартыі'97», там змешчаны гэты дакумент. Больш нідзе такога дакумента няма - афіцыйна яго ніхто не прымаў. На мяжы супрацоўнікі памежнага камітэта хадзілі з аркушам А4, раздрукаваным з інтэрнэту! Пытаюся на мяжы кнігу скаргаў і прапаноў - адмовіліся, кажуць, у гэты момант кніга знаходзіцца ў Берасці ў памежнай групе, і каб пакінуць там запіс, трэба заехаць туды».

Прыкладна гадзіну доўжыліся дэбаты - людзі адмаўляліся пераходзіць на чырвоны канал, дзе чарга расцягнулася на 5-6 гадзін. Потым, мяркуе бізнесовец, памежнікі затэлефанавалі начальству ў Берасце, і тое дало наказ у выглядзе вынятку і «толькі сёння» прапусціць усіх «нязгодных» праз «польскі канал» з мытным надглядам аўтамабіляў. Адзінае, што Аляксандр не стаў запаўняць дэкларацыю, бо не было чаго дэклараваць.

З ягоных слоў, такія ж бізнэсоўцы, якія вярталіся з выпраў і апынуліся з ім у чарзе на мяжы, заявілі, што надалей адмаўляюцца праходзіць праз чырвоны канал, не маючы ніякіх тавараў для дэкларавання.

«Гэта цалкам нерэальна - двойчы на тыдзень стаяць у чырвоным калідоры па 5-6 гадзін толькі для таго, каб мытнік пераканаўся: тавараў, якія падлягаюць дэклараванню, у самаходзе няма. Гэта выходзіць за межы здаровага сэнсу», - мяркуе ён.

І яшчэ момант. За той час, пакуль на мяжы вяліся гучныя дэбаты, Аляксандр паспеў пераканацца: аўтамабілі з расейскімі нумарамі, якія становяцца на зялёны канал, ніхто не перанакіроўвае на чырвоны, нават калі ў іх поўна валізак і дарожных торбаў. Гэта значыць, у дачыненні да іншых грамадзян МС прадаўжае дзейнічаць правіла выбару канала паводле заяўнага прынцыпу. У дачыненні да беларусаў фармальна яно дзейнічае таксама. Але на практыцы высвятляецца, што прымусіць іх «змяніць колер» - што пстрыкнуць пальцамі...

Нагадаем, што паводле новых правіл падставай для перанакіроўвання на «чырвоны» калідор з'яўляецца:

- Перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь транспартным сродкам больш за 1 раз цягам 8 дзён;

- Знаходжанне ў транспартным сродку 4 і больш асоб;

- Наяўнасць у салоне або багажным аддзяленні транспартнага сродку сумак, валізак, пакетаў, скрынак, мяшкоў, ды іншых прадметаў, у якіх могуць знаходзіцца тавары, буйнагабарытных памераў працяглага карыстання, у тым ліку былых ва ўжыванні;

- Перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь транспартным сродкам, якія маюць 8 і больш пасадачных месцаў, уключна з кіроўцам, а таксама грузапасажырскія і грузавыя транспартныя сродкі;

- Транспартны сродак зарэгістраваны на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

Раней правілы перасячэння мяжы станавіліся больш жорсткімі 28 лістапада 2011 г., калі пачала дзейнічаць пастанова Савета Міністраў, паводле якой выязджаць за мяжу на аўтамабілі можна раз у 8 дзён. Пастанова была прынятая «для ўзмацнення захадаў для абмежавання вывазу з краіны аўтамабільнага паліва». Быў усталяваны кантроль як у дачыненні да асобы, якія перасякаюць мяжу ў якасці кіроўцы транспартнага сродку, так і ў дачыненні да самога аўтамабіля. Акрамя таго, была выключаная норма, усталяваная пастановай № 753, якой прадугледжвалася непрымяненне абмежавання на вываз паліва грамадзянамі, якія перасякаюць мяжу з працоўнымі візамі або выязджаюць на лячэнне.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках