26 красавiка 2024, Пятніца, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З філіяла «Гарызонту» звольнілі палову працоўных

55
З філіяла «Гарызонту» звольнілі палову працоўных

Супрацоўнікаў заводу «Беліт», якія засталіся, адпраўляюць на сельгаспрацы ў калгасы.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў адзін з супрацоўнікаў прадпрыемства.

«Неаднаразова на сайце charter97.org публікавалася інфармацыя пра нездавальняючы стан спраў на прадпрыемствах, якія ўваходзяць у холдынг «Гарызонт», пра адсутнасць працы, заробку і заклікі працоўных зняць кіраўніцтва. За большую частку 2013 года сітуацыя ўвогуле не змянілася. Так, на Пастаўскім заводзе «Беліт» нязгодныя з палітыкай дырэктара Наталлі Суботка, а гэта 50% занятых у вытворчасці бытавой тэхнікі супрацоўнікаў, былі звольненыя ў тэрміновым парадку. Спецыялістам і служачым мяняюць істотныя ўмовы працы ў парушэнні Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь», - кажа працоўны.

Ён падкрэслівае, што на прадпрыемстве адсутнічае вытворчасць ужо 6 месяцаў, а супрацоўнікаў у добраахвотна-прымусовым парадку адпраўляюць на сельгаспрацы ў мясцовыя калгасы і Пастаўскі ільнозавод.

«Кіраўніцтва холдынгу і Пастаўскі завод «Беліт» цалкам адхіліліся ад калектыву і яго праблем. Адказ дырэктара на пытанне, калі ў нас будзе праца, абмяжоўваецца давядзеннем інфармацыі аб складанай кан'юнктуры рынку і адсутнасцю попыту на бытавую тэхніку ў свеце. Праблемы супрацоўнікаў прадпрыемства, мізэрныя заробкі, адсутнасць магчымасці карміць свае сем'і, нежаданне дырэктара падключыцца да працы і выконваць свае функцыянальныя абавязкі не пазбаўляюць яе магчымасці харчавацца ежай з рэстарана, якую ёй дастаўляюць прама ў працоўны кабінет штодня», - абураецца супрацоўнік прадпрыемства.

Словы працоўнага не прыйшлося ўзяць пад сумнеў, так як тэлефон прыёмнай завода «Беліт» маўчыць. Мабыць, нават супрацоўнікаў прыёмнай адправілі на працу ў калгасы. Варта адзначыць, што сайт прадпрыемства таксама не працуе.

Нагадаем, пра праблемы на «Гарызонце» стала вядома ў красавіку. Тады з прадпрыемства былі звольненыя больш за 100 чалавек.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках