23 траўня 2024, Чацвер, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The New York Times: Абама можа адмяніць сустрэчу з Пуціным

17
The New York Times: Абама можа адмяніць сустрэчу з Пуціным

Адмова ад ужо запланаванай сустрэчы прэзідэнтаў - беспрэцэдэнтны выпадак для амерыканскага боку з часоў распаду Савецкага Саюза.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама можа адмяніць запланаваную на верасень паездку ў Маскву, калі Эдвард Сноўдэн атрымае ў Расеі палітычны прытулак. Пра гэта паведамілі некалькі вядучых амерыканскіх СМІ.

The New York Times паказвае, што адмена сустрэчы ў Маскве можа стаць сур'ёзным ударам для Уладзіміра Пуціна, які разглядае візіты такога высокага ўзроўню як пацверджанне прэстыжу Расеі, перадае «Голас Амерыкі».

Хоць Белы дом можа скарыстацца самітам, каб паспрабаваць дамагчыся вяртання Сноўдэна ў ЗША, у публікацыі адзначаецца, што адмена сустрэчы можа таксама стаць сведчаннем істотнага разыходжанні пазіцый дзвюх краін па такіх пытаннях, як Сірыя, Іран, кантроль над узбраеннямі і супрацьракетная абарона.

Пра будучую сустрэчу Абамы і Пуціна ў Маскве Белы дом абвясціў у чэрвені, калі два лідары сустракаліся ў Паўночнай Ірландыі. Меркавалася, што гэта будзе дадатковы прыпынак у паездцы Абамы ў Расею для ўдзелу ў саміце «Вялікай дваццаткі» ў Санкт-Пецярбургу.

І хоць Абама па-ранейшаму мае намер прыехаць у Санкт-Пецярбург, ён разважае пра мэтазгоднасць спынення ў Маскве.

І справа не толькі ў тупіковай сітуацыі вакол Сноўдэна, піша The New York Times, але і ў росце разумення, што бакі не могуць урэгуляваць нязгоды па іншых пытаннях настолькі, што гэта магло б апраўдаць правядзенне двухбаковай сустрэчы.

Некаторыя крытыкі заклікаюць Абаму пайсці яшчэ далей.

Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў, што прэзідэнт павінен запатрабаваць пераносу сустрэчы «Вялікай дваццаткі» ў іншую краіну і што ЗША павінны байкатаваць зімовую Алімпіяду 2014 года ў Сочы.

Анджела Стэнт - былы супрацоўнік нацыянальнай выведкі, які спецыялізаваўся на Расеі, а цяпер прафесар Джорджтаўнскага ўніверсітэта - заявіла The New York Times, што ў адміністрацыі Абамы ставяць пад сумнеў мэтазгоднасць сустрэчы ў Маскве, паколькі «незразумела, якія дакументы будуць падпісаныя», нават калі справа Сноўдэна да таго моманту будзе ўрэгуляваная.

«Падобна на тое, што ёсць сур'ёзныя нязгоды паміж Расеяй і ЗША па такіх важных пытаннях, як Сірыя, супрацьракетная абарона і кантроль над узбраеннямі», - сказала яна.

Газета The Washington Post і інфармагенцтва Associated Press апублікавалі аналагічныя матэрыялы, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў адміністрацыі.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках