27 красавiка 2024, Субота, 21:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сваякі пацвердзілі выкраданне малдаванкі і беларускі ў Сірыі

70
Сваякі пацвердзілі выкраданне малдаванкі і беларускі ў Сірыі

(абноўлена - 10:25) Беларуска і малдаванка былі выкрадзеныя больш за тыдзень таму.

Відэаролік пра тое, што дзве дзяўчыны, якія назвалі сябе грамадзянкамі Беларусі і Малдовы Святланай Маркіяновіч і Карынай Кальцо, трапілі ў палон да сірыйскіх паўстанцаў было апублікавана на YouTube 9 жніўня. Зачытваючы сваю прамову па паперы пад дуламі аўтаматаў людзей у чорных масках, яны кажуць пра тое, што прыехалі ў Сірыю пад выглядам журналістак і працуюць на «Хезбалу». Многія палічылі ролік пастановачным.

Што тычыцца беларускі, то акаўнт дзяўчыны па імені Святлана Маркіяновіч ёсць у сацыяльнай сетцы «Одноклассники». Мяркуючы па фатаграфіях, апублікаваных там, гаворка ідзе пра таго ж чалавека, які зняты ў відэароліку. Святлана Маркіяновіч жыла ў Жодзіна, ёй 30 гадоў. Апошні раз яна заходзіла на сваю старонку 17 чэрвеня 2013 года. На адной з фатаграфій яна на фоне ілюмінатара самалёта. Больш падрабязная інфармацыя на старонцы ў «Одноклассниках» адсутнічае.

Жыхарка Жодзіна Зінаіда Маркіяновіч пацвердзіла, што Святлана Маркіяновіч з'яўляецца яе ўнучкай і ў канцы чэрвеня з'ехала за мяжу. Але пра абставіны, паказаныя на відэа, ёй нічога не вядома, піша «Інтэрфакс».

«Так, у мяне ёсць унучка Святлана Маркіяновіч. У чэрвені яна з'ехала кудысьці за мяжу. Абяцала вярнуцца ў верасні, - паведаміла яна. - Яна з'ехала і мне не тэлефанавала, дзе яна і што з ёй. Напэўна, працуе там, за мяжой. Яна заўсёды туды ездзіць. Але я не пытаюся, дзе яна там працуе. Мне ўжо дзевяты дзесятак, а яна маладая, сама ведае, як рабіць. Я чакаю яе ў верасні, яна так мне сказала, калі з'язджала», - працягнула жанчына.

Яна таксама паведаміла, што яе ўнучка, якая з'ехала часова за мяжу, пражывае разам з ёй у Жодзіна.

Журналістам «Радыё Свабода» ўдалося даведацца больш пра іншую дзяўчыну - грамадзянку Малдовы Карыну Кальцо.

Яе брат Леанід Быдко паведаміў, што яна выехала 25 ліпеня «на заробкі».

«Яна тэлефанавала мне тыдзень таму. Сказала, што яе выкралі. Я сказаў, што не ведаю, што рабіць. Тады яна мне сказала, каб я пайшоў да той жанчыны, якая яе адправіла. Я пытаюся, як цябе выкралі. Яна кажа, што выкралі яе ў сяброўкі, і яна цяпер знаходзіцца разам з ёй у палоне».

Нумар тэлефона, з якога Карына Кальцо тэлефанавала першы раз, быў з Лівана. Другі раз, калі яна паведамляла пра выкраданне, нумар быў сірыйскі. Яна таксама паведаміла, што знаходзіцца ў Сірыі.

Карыне Кальцо 32 гады, яна не мае сям'і, дзяцей і пэўнай прафесіі. Яе брат да гэтага часу не звяртаўся да праваахоўных органаў.

Міністэрства замежных спраў Беларусі вывучае абставіны з'яўлення ў сетцы Інтэрнэт відэароліка, у якім жанчына называе сябе беларускай, якая патрапіла ў палон да сірыйскіх паўстанцаў.

Напісаць каментар 70

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках