17 траўня 2024, Пятніца, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачынаецца малочна-нафтавая вайна

206
Пачынаецца малочна-нафтавая вайна

Расея адказала на арышт генеральнага дырэктара «Уралкалія».

Сёння стала вядома аб тым, што ў санітарнай службы суседняй дзяржавы з'явіліся заўвагі да якасці малочнай прадукцыі з Беларусі, а кампанія «Транснефть» памяншае аб'ёмы паставак нафты Менску.

Экспэрты мяркуюць, што такім чынам Масква адказала на арышт кіраўніка назіральнай рады Беларускай калійнай кампаніі і генеральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгэртнэра і выстаўленне яму абвінавачванняў у злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Прэтэнзіі да якасці малочнай прадукцыі традыцыйна выказаў кіраўнік Роспотребнадзора, галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзій Анішчанка. З ягоных слоў, толькі ў Маскоўскай вобласці абследавана 240 узораў беларускай малочнай прадукцыі. З іх 72 ўзоры або 30% не адпавядалі паказчыкам якасці і бяспекі.

«У прыватнасці, ёсць пытанні да тварагу крупчастага і сметанковага масла вытворцаў «Савушкін прадукт» і «ГМЗ нумар 1» Менска ды іншых беларускіх прадпрыемстваў, узятых на даследаванне ў расейскіх гандлёвых сетках», - паведаміў кіраўнік Роспотребнадзора.

Бліжэй да вечара ў сераду стала вядома, што ўжо ў верасні Расея скароціць пастаўкі нафты ў нашу краіну на чвэрць. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзідэнт кампаніі «Транснефть» Міхаіл Баркоў. З ягоных слоў, пастанова прынятая ў сувязі з рамонтам нафтаправода «Дружба».

«Каб унікнуць тэхналагічных праблем, на нафтаправодзе «Дружба» мае адбыцца замена трубы. З 1 верасня ў кірунку Беларусі скароцяцца пастаўкі нафты ў аб'ёме 400 тысяч тон - па 200 на Мазырскі НПЗ і на «Нафтан», - сказаў Міхаіл Баркоў.

Аднак у Беларусі пакуль не атрымалі афіцыйнага паведамлення ад расейскай АК «Транснефть» аб скарачэнні ў верасні 2013 года аб'ёмаў паставак нафты.

«Малочная прадукцыя - гэта самае балючае месца сённяшняга беларускага экспарту ў Расею. Прэтэнзіі да малочнай прадукцыі выстаўляліся яшчэ некалькі тыдняў таму. Але тады гэта было ў вельмі мяккім тоне. Таму нельга выключаць таго, што вяртанне Анішчанкі да гэтай тэмы з'яўляецца несіметрычным адказам на дзеянні беларускіх улад супраць Баўмгэртнэра», - сказаў у інтэрв'ю сайту charter97.org эканаміст Леў Марголін.

Ён дадаў, што ніякіх паведамленняў пра аварыі на нафтаправодзе «Дружба» да сённяшняга дня не было, і гаварыць пра нейкія нечаканыя рамонты не выпадае.

«Таму я мяркую, што скарачэнне паставак нафты ў Беларусь таксама з'яўляецца рэакцыяй Расеі. Мяркуючы з ўсяго, будзе цэлая серыя такіх адказаў. Гэта падобна да ўкусу пчалы - адзін не страшны, а калі іх мноства, то будзе вельмі непрыемна», - сказаў на заканчэнне эканаміст.

Напісаць каментар 206

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках