2 траўня 2024, Чацвер, 22:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзіслаў Баўмгертнер «знайшоўся» ў кватэры ў Менску

79
Уладзіслаў Баўмгертнер «знайшоўся» ў кватэры ў Менску

Гендырэктар «Уралкалію» змешчаны пад хатні арышт напярэдадні візіту Пуціна ў Беларусь.

Арыштаванага ў Менску месяц таму Уладзіслава Баўмгертнера ў ноч на 26 верасня перавялі з турмы ў кватэру ў Менску. Зараз расейскі бізнесмен знаходзіцца пад хатнім арыштам. Пра гэта паведаміў расейскі адвакат генеральнага дырэктара «Уралкалію» Аляксей Басістаў. Раней Уладзіслаў Баўмгертнер утрымліваўся ў СІЗА КДБ Беларусі, піша «Інтэрфакс».

Па словах Аляксея Басістава, яго кліент змяшчаецца ў падабранай для яго супрацоўнікамі КДБ здымнай кватэры ў адным з раёнаў Менска пад кругласутачным назіраннем. Да Уладзіслава Баўмгертнера дапушчаная яго маці, якая напярэдадні прыляцела на спатканне з сынам.

«Адвакаты спадзяюцца на больш хуткае вяртанне Баўмгертнера ў Расею», - дадаў ён.

Нагадаем, некалькі дзён таму з'явілася паведамленне аб тым, што абаронцы генеральнага дырэктара «Уралкалію» не могуць яго знайсці. На пытанне пра месцазнаходжанне Уладзіслава Баўмгертнера не маглі адказаць ні ў амбасадзе Расеі, ні ў КДБ, ні ў Следчым камітэце Беларусі.

Кіраўнік назіральнага савета беларуска-расейскага ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Менску 26 жніўня і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ па абвінавачванні ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

16 верасня намеснік генпракурора Расеі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што Беларусь прыняла рашэнне вылучыць матэрыялы ў дачыненні да расейскіх грамадзян, якія праходзяць па гэтай крымінальнай справе, у асобную вытворчасць і перадаць іх у Генпракуратуру Расеі.

19 верасня на нарадзе па бягучых эканамічных і знешнепалітычных пытаннях Лукашэнка не выключыў магчымасці экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расею для правядзення следчых дзеянняў.

20 верасня памочнік прэзідэнта Расеі Юрый Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы гендырэктара «Уралкалію», аднак гэты працэс «трошкі зацягваецца».

21 верасня расейскае выданне «Коммерсант» паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што затрымка з выдачай Баўмгертнера звязаная з патрабаваннем Менска працягнуць яго крымінальны пераслед у Расеі.

Сёння адбудзецца сустрэча Пуціна і Лукашэнкі. Яны праінспэктуюць завяршальны этап расейска-беларускіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2013». Раней многія эксперты звязвалі магчымасць сустрэчы прэзідэнта Расеі і беларускага кіраўніка як падчас саміту АДКБ у Сочы, так і на сумесных вайсковых манеўрах з урэгуляваннем скандалу вакол «Уралкалію».

Напісаць каментар 79

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках