29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Бяляцкі: Дыктатараў трэба пазбавіць доступу да высокіх тэхналогій

5
Алесь Бяляцкі: Дыктатараў трэба пазбавіць доступу да высокіх тэхналогій

У Варшаве падзяліліся вопытам праваабаронцы і прадстаўнікі сферы IT Беларусі, Нідэрландаў і Польшчы.

На канферэнцыі «Правы чалавека і высокія тэхналогіі» ў амбасадзе Нідэрландаў у Варшаве сустрэліся эксперты ў сферы высокіх тэхналогій і абароны праў чалавека. У дыскусіях прынялі ўдзел Міхал Джога (Intel), Арцём Канцавы (Dev.by), Яраслаў Ліпшыц (Фонд «Сучасная Польшча»), Марк ван Эмбдэн Андрэс (Elva), Аляксей Чарняеў (IT Aid), Ружа Жэпліньска (Association 61), Марэк Тушыньскі (Tactical Tech), Алесь Бяляцкі і іншыя.

Дыскусія пачалася з правакацыйнага пытання аб тым, ці робіць чалавека ўменне праграмаваць лепшым грамадзянінам. Пасля станоўчага адказу з боку экспертаў, карэспандэнт сайта charter97.org прывёў у прыклад высокі ўзровень камп’ютарнай пісьменнасці і адукацыі ў сферы IT у Беларусі і выказаў здагадку, што наўрад ці ўменне праграмаваць пазбаўляе ад дыктатуры ў краіне. З іншага боку, усякае супрацоўніцтва буйных IT-кампаній з беларускімі ўладамі падсілкоўвае дыктатуру эканамічна, на што прадстаўнік карпарацыі Intel Міхал Джога сказаў, што яны імкнуцца быць «па-за палітыкай».

«Вядома, працаваць у такіх краінах, як Беларусь, складана. Але нашыя прадукты ёсць усюды. У нас няма непасрэднага гандлю з беларускім рэжымам, таму пытанне маральнасці супрацоўніцтва з дыктатурай не стаіць перад намі так востра. Але ж сітуацыя мяняецца. Літаральна некалькі гадоў таму многія краіны ў Паўднёвай Амерыцы, напрыклад, разгарнулі свой курс на 180˚ - Калумбія, Венесуэла, напрыклад. Таму, IT-карпарацыі па-за палітыкай, але пры гэтым, як бы мы ні былі занепакоеныя палітычнай сітуацыяй у Беларусі, нам усё роўна трэба прысутнічаць у краінах па ўсім свеце. У Беларусі, Расеі і Украіне сапраўды вельмі шмат таленавітых праграмістаў і людзей з высокім узроўнем пісьменнасці ў сферы IT і медыя, аднак усё роўна гэтыя людзі не складаюць большасць. Магчыма, у гэтым прычына таго, што ў Беларусі да гэтага часу дыктатура», - сказаў ён.

Прафесар сацыялогіі Варшаўскага універсітэта, беларускі эксперт Андрэй Вардамацкі падтрымаў пытанне charter97.org і выказаў сваё меркаванне прычын неадпаведнасці паміж узроўнем адукаванасці насельніцтва і ўзроўнем лібералізацыі ў краіне.

«Гэта сапраўды так. У Беларусі поўная неадпаведнасць узроўню адукацыі з узроўнем дэмакратыі ў краіне - у нас самы лепшы ўзровень адукацыі пасля Масквы і Пецярбурга ва ўсёй постсавецкай прасторы, але ў той жа самы час у нас самы нізкі ўзровень развіцця грамадзянскай супольнасці. Нам не дапамагаюць нават адносная даступнасць інтэрнэту і высокі працэнт мабільных тэлефонаў на душу насельніцтва. Чаму? Таму што людзі не разумеюць, навошта яны павінныя ўдзельнічаць у працэсе прыняцця рашэнняў у краіне», - лічыць ён.

Прэзідэнт фонду «Сучасная Польшча» Яраслаў Ліпшыц лічыць, што высокія тэхналогіі могуць быць выкарыстаныя як у імя дэмакратыі, так і супраць яе.

«Прадстаўнік Intel сказаў: «Мы павінны працаваць усюды»... Мне падабаецца такая сумленнасць! Бо галоўная мэта існавання карпарацый - гэта зараблянне грошай. З іншага боку, пакуль існуюць дыктатары кшталту Лукашэнкі, вам у Беларусі могуць сказаць: прабачце, але вы больш у гэтай краіне не працуеце, таму што мы так вырашылі. Цяпер гэта адбываецца ў Расеі. Таксама дзіўна чуць ад вялікіх IT-кампаній, што тэхналогіі робяць краіну вальней і ліберальнай, аднак гэта не да канца так. Тэхналогіі могуць быць як інструментам свабоды, так і інструментам ціску, бо гэта ўсяго толькі інструмент. У аўтамабілі можна ездзіць, а можна ім забіваць людзей - так і тут. Думаць, што інтэрнэт у руках людзей зробіць іх сапраўднымі грамадзянамі - гэта наіўна. Гэтага не адбываецца. Трэба выхаванне грамадзянскіх якасцей у кожным чалавеку, іх развіццё - і гэты працэс можа доўжыцца гадамі», - сказаў ён.

Таксама ўдзельнікі сустрэчы распавялі, як можна засцерагчы сябе ў інтэрнэце, жывучы на тэрыторыі Беларусі.

«Калі вы хочаце схавацца ад уладаў у Беларусі, знаходзячыся ў інтэрнэце, трэба выкарыстоўваць прыкладанні ад вялікіх кампаній», - лічыць беларус Арцём Канцавы.

«Каб быць у бяспецы ў Беларусі, трэба альбо нічога не баяцца і стаць такім вядомым, як Алесь Бяляцкі, альбо дзейнічаць цалкам ананімна», - сказаў Аляксей Чарняеў.

«Калі два чалавекі сустракаюцца ў Беларусі для сур'ёзнай размовы, першае, што яны робяць - гэта дастаюць батарэі са сваіх тэлефонаў. Гэта такі жэст даверу!» - сумна жартуе Андрэй Вардамацкі.

Алесь Бяляцкі на сваім прыкладзе распавёў, як складана ўгнацца за тэхналогіямі ў Беларусі пры ўмовах, калі цябе могуць у любы момант пасадзіць у турму, і ты рызыкуеш моцна адстаць ад прагрэсу.

«Тэхналагічны прагрэс дае новыя магчымасці для працы праваабаронцаў, але за тэхналогіямі для гэтага трэба ўвесь час сачыць. Я выйшаў з турмы - і да гэтага часу асвойваю айфон, таму што я яго ўбачыў упершыню! Мяне няма ў «Фэйсбуку»... Я адсутнічаў тры гады - і за гэты час адбыліся каласальныя змены ў сферы тэхналогій.

Што тычыцца вопыту "Вясны", то мы выкарыстоўваем разнастайныя інтэрнэт-прылады для нашай працы: у прыватнасці, з дапамогай онлайн-петыцыі мы змаглі сабраць больш за 7.000 подпісаў у падтрымку Алены Танкачовай усяго за некалькі дзён», - падзяліўся ён.

Таксама праваабаронца выказаў сваё меркаванне, што будзе з беларускай грамадзянскай супольнасцю без інтэрнэту.

«Улады прыгразілі закрыць незалежныя СМІ з пачатку 2015 - у прыватнасці, charter97.org, «Белпартызан» і сайт нашай арганізацыі. Як нам будзе працаваць у такіх умовах - незразумела. Але гэта і пагроза, і, у той жа самы час, выклік. Кожны неасцярожны крок можа прывесці да блакавання сайта, да страты аўдыторыі. Расея пайшла далей - і на заканадаўчым узроўні плануе ўстанаўленне сачэння за кожным грамадзянінам у сетцы. Гэта папярэджанне для нас, магчыма, гэта і нашая будучыня. Без інтэрнэту сучасная Беларусь будзе адкінутая ў сваім развіцці назад - як перасесці з аўтамабіля на самакат. Зараз грамадзянскай супольнасці жыццёва неабходны інтэрнэт і свабодны да яго доступ. Але з іншага боку, было б нядрэнна, калі б была магчымасць забараніць выкарыстоўваць інтэрнэт і выкарыстанне новых тэхналогій прадстаўнікам дыктатарскага рэжыму. Бо яны выкарыстоўваюць гэтыя прылады для ціску і пераследу», - лічыць ён.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках