Юры Рубцоў: Сілавікі сталі прамым тэкстам прымушаць з'язджаць з краіны
14- 9.12.2014, 14:51
- 24,193
Палітвязень нагадвае аб бяспраўі, якое чыняць праваахоўныя органы і заклікае беларусаў да салідарнасці з Аляксандрам Алесіным.
Такое меркаванне выказаў charter97.org палітвязень Юры Рубцоў з Гомеля ў адказ на інтэр’ю з палітыкам Віталём Рымашэўскім, дзе той б'е трывогу з нагоды арышту вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна і звязвае гэта з «адлігай» з боку Захаду.
«Сітуацыя ў краіне сапраўды пагаршаецца з кожным днём. Пагаршаецца як эканоміка, так і выкананне правоў чалавека. Эканоміка краіны не можа не пагаршацца ўжо ў сілу таго, што гэтая эканамічная сістэма ёсць звычайная ўтопія, а калі больш дакладна ацаніць, то я напэўна магу сказаць наступнае: Лукашэнка нядрэнна разумее эканамічны стан краіны. Нягледзячы на фальсіфікацыю статыстыкі, яму ўсё дакладна вядома. Аднак мяняць напрамак эканамічнай дзейнасці ён не можа, а дакладней не жадае. Яму выгадны той падман, калі ўсе грамадзяне краіны атрымліваюць 10% ад заробленага, а 90% ідзе ў бюджэт на ўтрыманне войска сілавікоў, войска судзейскага корпуса і войска чыноўнікаў. Пра гэта можна сказаць адной фразай: такі выбар уладаў - забіваць эканоміку дзеля добрага жыцця пракурораў і сілавікоў. А на чале іх цар-самазванец Лукашэнка, - кажа палітвязень.
Ён піша пра тое, што сілавікі прамым тэкстам пачалі прымушаць з'язджаць з краіны, а таксама пра тое, што ў турмах паабяцалі зрабіць невыносныя ўмовы для наркагандляроў і, магчыма, для палітвязняў - і заўважыць гэты «трэнд» можна было толькі пры пільнай увазе да палітычных навінаў.
«Калі чалавек у курсе палітычных навін, то ён напэўна звярнуў увагу на словы многіх палітвязняў, што сілавікі ўжо прама кажуць ім пра тое, каб гэтыя людзі з'язджалі з краіны. Гэта гаварылася і мне. Пару дзён таму Лукашэнка прапанаваў стварыць невыносныя ўмовы зняволення для наркагандляроў. Вы верыце, што гэтыя невыносныя ўмовы будуць створаны толькі для наркагандляроў? Я - не. Ужо сёння створаны невыносныя ўмовы для тых хто трапляе ў ІЧУ, я там быў пяць дзён. Чалавек яшчэ не асуджаны, а ўжо знаходзіцца ў нечалавечых умовах. Нават людзі, якія адседзелі па дзесяць, пятнаццаць гадоў кажуць пра тое, што лепш сядзець у турме, чым у ІЧУ», - кажа ён.
Юры Рубцоў занепакоены нізкім узроўнем зацікаўленасці і ўцягнутасці ў абмеркаванне беларусаў у навіны пра палітыку, бо гэта паказчык адзінства, хай нават гэта адзінства дэманструецца толькі ў інтэрнэце.
«Наведвальнікі сайта «Хартыя'97» апошнім часам вельмі мала каментуюць палітычныя навіны, асабліва калі гэта тычыцца незаконнага затрымання нашых актывістаў. Бо менавіта гэтага і імкнецца дасягнуць рэжым нашай краіны! Давайце паспрабуем разабрацца, наколькі законныя гэтыя затрыманні. Зыходзячы з свайго досведу магу падзяліцца наступным: пры затрыманні ніхто не прадстаўляецца, пры складанні адміністрацыйнага пратакола часцяком паказваецца не тое месца затрымання, дзе быў затрыманы на самай справе, у пратаколах часцяком паказваюцца тыя людзі, якія ў затрыманні ніякага ўдзелу не прымалі. Затым, у аддзяленні міліцыі не даюць зрабіць тэлефонны званок сваякам для паведамлення аб тым, дзе Вы знаходзіцеся. На Вашу просьбу выклікаць адваката складаецца пратакол, што Вы адмаўляецеся даваць паказанні. Апошнім разам, калі я быў затрыманы, на маю просьбу даць мне акуляры, каб я мог прачытаць пратакол, на мяне склалі пратакол аб адмове падпісаць пратакол. Пасля афармлення ўсіх гэтых дакументаў не факт, што Вас адразу адправяць у ЦІП або ІЧУ. Вас могуць трымаць і ў пастарунку міліцыі - без вады, ежы і магчымасці справіць натуральныя патрэбы. Вас могуць збіць супрацоўнікі міліцыі і схаваць гэта, выдаўшы пабоі не за свае. У Вас не будзе ніякіх довадаў», - перасцерагае палітвязень.
«Пра тое, што незалежнага суда ў краіне няма, сведчаць дакументы. Да прыкладу тое, што суддзі прызначаюцца на пасады і здымаюцца ўказам Лукашэнкі. Гэта значыць суддзі залежныя ад Лукашэнкі, што супярэчыць артыкулу 60 Канстытуцыі, у якой прапісана, што суд павінен быць кампетэнтным, незалежным і непрадузятым. Таксама ў нашай краіне забараняюцца закрытыя судовыя паседжанні, аднак гэта не выконваецца: улада і суды імкнуцца правесці ў закрытым фармаце любыя працэсы, у якім ёсць хоць найменшы намёк на палітыку. Мяне ўразіў адказ так званага суддзі Палулеха на пытанне майго адваката: «Ці з'яўляецца гэта судовае пасяджэнне закрытым»? Адказ: «Не. Проста я сказаў нікога не ўпускаць у залю пасяджэння», - дзеліцца ён.
Юры Рубцоў нагадвае, што адказнасць за ўсю палітычную карціну ў краіне ляжыць не толькі на ўладзе або на апазіцыі, але таксама і на кожным з нас.
«Мне хацелася б данесці да ведама ўсіх наведвальнікаў сайта charter97.org тую думку, якую не агучвае рэжым. Грамадзяне нашай краіны жывуць мала сказаць «беднавата». Палепшыць жыццё грамадзян нашай краіны гэты рэжым не можа - і не таму, што не хоча, а таму што гэтага не атрымаецца. Але як у гэтым выпадку ўтрымаць уладу? Праз рэпрэсіі, праз паказ карцінкі на ТВ пра вайну ва Украіне, праз больш жорсткі рэжым у зняволенні. Улада прымушае людзей параўноўваць цяперашняе становішча ў нашай краіне з больш дрэннымі ўмовамі і хваліць сябе, што, маўляў, вось, мы гэтага не дапусцілі», - заявіў ён.