8 кастрычнiка 2024, aўторак, 19:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Салідарнасць», Майдан і «Хартыя»

16

Сайт сharter97.org уручыў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча.

На цырымоніі, якая 20 лютага прайшла ў офісе charter97.org у Варшаве, сабраліся польскія і беларускія палітыкі, праваабаронцы, грамадскія дзеячы і журналісты, у тым ліку, легендарны рэжысёр Анджэй Вайда, галоўны рэдактар польскага выдання «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік, прэзідэнт фонду міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі і віцэ-прэзідэнт Варшавы Уладзімеж Пачынскі. На знак салідарнасці з падзеямі ва Украіне арганізатары і госці імпрэзы павязалі жоўта-блакітныя, колеру ўкраінскага нацыянальнага сцяга, стужкі.

Адкрываючы цырымонію, галоўная рэдактарка charter97.org Наталля Радзіна прапанавала ўшанаваць хвілінай маўчання памяць людзей, якія загінулі ў сутыкненнях на Майдане.

«Мне вельмі цяжка сёння весці імпрэзу. Нашы сэрцы ва Украіне, дзе людзі паміраюць за свабоду. Дзесяткі новых ахвяр у Кіеве, кроў ліецца далей... Я прапаную спачатку ўшанаваць хвілінай маўчання памяць загінулых на шляху да Свабоды. Слава Украіне. Героям слава», - сказала Радзіна.

Галоўная рэдактарка адзначыла, што сёння сайт charter97.org не можа ўручаць прэмію ў роднай краіне і вымушаны працаваць у Польшчы:

«Але я заўсёды ўважала за невыпадковае тое, што мы знайшлі прытулак менавіта ў гэтай краіне. Палякі добра памятаюць змрочныя часы ваеннага становішча. Амаль у такіх жа варунках сёння ў 21-м стагоддзі існуюць беларусы. Наш нацыянальны лозунг: Жыве Беларусь! Нават за жорсткай дыктатурай Беларусь жыве, дзякуючы смелым і мужным людзям.

Чын гэтых людзей, якія ахвяруюць сваёй воляй і нават жыццём, не павінен быць забыты. Таму з 2013 года Нацыянальная прэмія носіць імя аднаго з лідэраў беларускага адраджэння Віктара Івашкевіча, які сышоў ад нас летась. Усё сваё жыццё Віктар аддаў барацьбе за свабоду Беларусі. Ягоная мужнасць, самаадданасць, прынцыповасць, сумленнасць сталі для нас арыенцірамі», - сказала журналістка.

Першую прэмію ад імя сайта charter97.org уручыў калектыву Беларускага свабоднага тэатра вядомы польскі рэжысёр Анджэй Вайда.

«Я вельмі шчаслівы, што менавіта мне выпаў гэты гонар, бо я ведаю аб дзейнасці тэатра ў той цяжкай палітычнай сітуацый, у якой знаходзіцца ваша краіна. Усе, праз што вы праходзіце, прайшлі і мы. Можа, не ў такой гвалтоўнай форме, але мы дакладна ведаем, што значыць такі вольны тэатр у краіне, якая не свабодная», - сказаў Анджэй Вайда.

Акторы Беларускага Свабоднага тэатра падзякавалі за прэмію і прысвяцілі ўзнагароду ўдзельнікам пратэстаў на Майдане Незалежнасці ў Кіеве.

«Шчыра дзякую за прэмію. Варункі існавання Свабоднага тэатра сапраўды цяжкія. Можна сказаць, што дзяржава ўжывае санкцыі супраць сваіх грамадзян. Творчаму калектыву існаваць не проста. Частка калектыву была вымушаная пакінуць радзіму і жыць на чужыне. На жаль, рэальныя палітыкі, гэта значыць, тыя людзі, якія маюць нейкія вагары, адэкватных захадаў у дачыненні да Беларусі не робяць. Таму мы маем тое, што маем, у тым ліку і трагічныя падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Украіне, а тэатр наш будзе існаваць і далей, бо сілкуемся мы не толькі любоўю да сваёй радзімы, але і гневам, нянавісцю і лютасцю», - сказаў Алег Сідорчык.

«Мы застаемся ва упэўненасці, што творчасць павінна быць свабоднай, а свабода - творчай», - сказала Вікторыя Біран.

«Мы хацелі б прысвяціць нашу ўзнагароду людзям, якія напраўду цяпер у Кіеве змагаюцца за сваю свабоду», - падкрэсліла Марына Юрэвіч.

«Гэтая ўзнагарода - не толькі для свабоднага тэатра, але і для ўсяго беларускага народа, у тым ліку і для Міхаіла Жызнеўскі, які загінуў на Майдане, абараняючы не толькі свабоду беларусаў, але і свабоду ўкраінцаў», - заявіла Святлана Сугака.

Узнагароду журналісту Анджэю Пачобуту ўручаў галоўны рэдактар польскага выдання «Gazeta Wyborcza» Адам Міхнік.

«Для мяне вельмі важна выступаць праз імгненне пасля таго, як Беларускаму Свабоднаму тэатру ўручаў прэмію Анджэй Вайда, які стаў у культуры нашай краіны XX стагоддзя тым чалавекам, які вучыў усіх разуменню польскай традыцыі, польскай гісторыі, польскай свабоды.

Сярод прысутных тут не толькі Анджэй Пачобут, але і Андрэй Саннікаў ды іншыя, што паспыталі «турэмнага хлеба» ў Беларусі. Калі Анджэй вярнуўся ад Лукашэнкі схуднелым, я сказаў, што гэтая «дыета» пайшла яму на карысць. Пасля яе ён выглядаў лепш, чым раней. Спадзяюся, што тая ежа, якую ён не з'еў, знаходзячыся ў зняволенні, стане косткай у горле Лукашэнкі.

Тут шмат гасцей. Несумненна, у Польшчы ў вас вельмі шмат сяброў, якія прысутнічаюць і тут. Гэта сведчыць аб тым, што з вамі не толькі польскае грамадства, але і польская дзяржава. Я ганаруся маёй краінай, маім народам, маімі ўладамі, якія змаглі дапамагчы ў захаванні беларускіх грамадзянскіх ініцыятыў і якія ў змозе падтрымаць, наколькі гэта магчыма, барацьбу ўкраінцаў за свабоду. Гэта сведчыць аб тым, што свет мяняецца, і не толькі ў горшы бок», - заявіў Адам Міхнік.

Анджэй Пачобут падкрэсліў, што людзі, якія ўручаюць прэміі, самі прайшлі праз рэпрэсіі ў свой час.

«Ёсць пэўны сімвалізм у тым, што прэмію сёння ўручаюць людзі, якія знаёмыя з часам, калі бракуе волі. Гэта і Анджэй Вайда - вядомы рэжысёр, які выхаваў не толькі палякаў, але і людзей у Савецкім Саюзе, уплыў на якіх зрабілі ягоныя фільмы. Гэта і Адам Міхнік, які таксама зазнаў, што такое рэпрэсіі. Я думаю, што рана ці позна гэтая эстафета свабоды перадасца ад Польшчы, ад Захаду ўсёй Беларусі», - сказаў ён.

Прэмію для Уладзіміра Яроменка атрымліваў актывіст «Маладога фронту» і былы палітжаўнер Міхаіл Мускі. Уручаў яе прэзідэнт фонду Міжнароднай салідарнасці Кшыштаф Станоўскі.

«Уладзіміра сёння няма з намі, але мы думаем пра ўсіх тых, хто знаходзіцца за кратамі - такіх, як яшчэ не так даўно Анджэй Пачобут. Цяжка ўручаць такую ўзнагароду пасля Анджэя Вайды і Адама Міхніка, але тое, што мяне можа натхніць на яе ўручэнне, - гэта месца, у якім мы знаходзімся. Мы павінны памятаць, што Наталля Радзіна і шмат якія прадстаўнікі charter97.org прайшлі праз турму і катаванні. І сёння мы можам сустрэцца ў гэтым месцы, ад іхнага імя перадаць гэтую ўзнагароду Уладзіміру і сказаць яму : «Трымайся».

Мы павінны памятаць, што гэта ўзнагарода не толькі для Уладзіміра, але і для родных ды блізкіх палітвязня. Мы таксама павінны памятаць сёння аб кожным, хто загінуў на Майдане ў Кіеве. Таму што для нас яны з'яўляюцца знакам таго, што мы разам. Яшчэ раз дзякуй, і я спадзяюся, што неўзабаве мы зможам сустрэцца з Уладзімірам», - сказаў Кшыштаф Станоўскі.

Міхаіл Мускі ад імя палітвязня падзякаваў за ўзнагароду:

«Я б хацеў пераказаць шчырыя словы падзякі ад імя Уладзіміра Яроменка. На жаль, ён цяпер знаходзіцца ў зняволенні і не можа быць тут з намі. Сёння складана дзейнічаць у варунках жорсткага таталітарызму Лукашэнкі і нейкім чынам выказваць сваю пазіцыю. Абсурднасць гэтых варункаў у тым, што маладзёна без рукі абвінавачваюць у тым, што ён пляскаў у ладкі, а кандыдата ў прэзідэнты кідаюць за краты праз тое, што ён хацеў зрабіць нешта лепшае для нашай краіны. Такія людзі, як Уладзімір Яроменак, Эдуард Лобаў, Мікалай Статкевіч ды іншыя палітвязні, ахвяруючы сабой, ратуюць сумленне беларускага народа. Найлепшае, што мы можам зрабіць у такой сітуацыі - выявіць салідарнасць. Таму дзякуй Наталлі і ўсяму калектыву charter97.org».

Прэмію эколагу Таццяне Новікавай уручала Дыяна Мікульская - паплечніца Віктара Івашкевіча, якая была з ім поруч да астатняга дня:

«Я хацела б выказаць глыбокую падзяку за тую павагу, якую вы аддаяце памяці Віктара. Гэта вельмі кранальна. Тое, што гэтую прэмію атрымлівае такая маладая і прыгожая дзяўчына, якая сёння фактычна адна змагаецца з велізарнай машынай, што будуе атамную электрастанцыю, вельмі сімвалічна. Сам Віктар высунуў такую канцэпцыю, як «экалагічная Беларусь». Ён бачыў нашую радзіму, як «лёгкія Еўропы», дзе здаровыя, свабодныя, шчаслівыя людзі будуць жыць у незалежнай экалагічнай краіне. Хачу асобна падзякаваць арганізатарам імпрэзы за такую добрую, лагодную памяць пра Віктара Івашкевіча», - сказала Мікульская.

Таццяна Новікава, атрымаўшы прэмію, адзначыла:

«Я хацела б найперш падзякаваць charter97.org за тую сапраўды вялікую працу, якую яны сёння робяць і для грамадзянскай супольнасці, і для Беларусі. Ні ў аднаго незалежнага сайта няма такой вялікай колькасці наведвальнікаў. Гэтая праца і дзеля Украіны: charter97.org - адзіны рэсурс, які штодзень онлайн асвятляе падзеі, што там адбываюцца.

Мне вельмі прыемна, што гэтая прэмія носіць імя Віктара Івашкевіча. Ён быў тым светлым чалавекам, з якім мы разам пачыналі працу над беларускім экалагічным камітэтам. Чалавекам, які сапраўды думаў маштабна, які сапраўды думаў пазітыўна, і якога можна б было назваць летуценнікам. Я веру, што мары Віктара цалкам здзяйсняльныя. І ці будзе Беларусь экалагічнай, ці будзе яна свабоднай, ці будзе яна квітучай, залежыць сёння ад тога, што мы будзем рабіць.

Я хачу каб вы зразумелі: я не герой, я не вялікі чалавек, я наогул ніхто, у параўнанні з тымі людзьмі, якія сёння стаяць на Майдане, якія выстаялі там тры месяцы ў нечалавечых варунках. Я спадзяюся, што гэтая прэмія дапаможа зрабіць адну важную рэч - прывабіць увагу ўсіх да праблемы будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Таму што рана ці позна гэтая праблема закране кожнага», - заявіла яна.

На цырымоніі таксама выступіў былы кандыдат у прэзідэнты, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў:

«Я найперш хацеў бы падзякаваць Наталлі, сайту charter97.org за тое, што яны падтрымліваюць тую традыцыю, якую мы пачалі яшчэ ў 90-х гадах. Хацеў бы павіншаваць лаўрэатаў гэтай прэміі. Майго сябра Анджэя Пачобута, маіх сяброў з Свабоднага тэатра. Вельмі рады пазнаёміцца з Таццянай Новікавай. З Уладзімірам Яроменкам мы пазнаёміліся дзякуючы КДБ. Мы праходзілі паводле адной справы, падчас суду сядзелі ў адной клетцы. Што мяне ўразіла, калі я пачынаў знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы, дык гэта допыты Уладзіміра. Я даведаўся, што ён выйшаў на дэманстрацыю 20 снежня. Уявіце сабе: ператрусы і арышты па ўсёй краіне, і ён выходзіць пратэставаць.

Сённяшняя цырымонія атрымалася незвычайнай. Сэрца баліць ад таго, што адбываецца ва Украіне, ад таго, што гінуць людзі. Мы ведаем, што на барыкадах у Кіеве яны змагаюцца і за нашу свабоду.

Сёння ўпершыню ўручаецца прэмія імя Віктара Івашкевіча. Гэта не выпадкова, таму што яго ўсё памятаюць менавіта на барыкадах. Я сустракаў Віктара, калі яму фізічна было вельмі складана браць удзел у дэманстрацыях - ён быў на мыліцах, але ён ішоў, удзельнічаў, змагаўся.

Мы павінны ўшанаваць памяць яшчэ аднаго чалавека - Збігнева Рамашэўскага, пахаванне якога праходзяць сёння. Яшчэ адно супадзенне ў тым, што сёння з намі легенды польскага супраціву - Анджэй Вайда, Адам Міхнік, Кшыштаф Станоўскі. Гэта не проста сімвалізм - гэта і ёсць тая самая салідарнасць, якая перамагае, якая дапаможа і Украіне, і Беларусі стаць свабоднымі краінамі. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» - сказаў ён.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках