Ірак просіць ЗША ударыць па джыхадзістах з паветра
- 18.06.2014, 21:46
- 5,873
Улады Ірака звярнуліся да Злучаных Штатаў з просьбай здзейсніць авіяўдары па пазіцыях суніцкіх баевікоў.
"Ірак афіцыйна папрасіў Вашынгтон дапамагчы, згодна з пагадненнем аб бяспецы, і правесці серыю авіяўдараў па пазіцыях тэрарыстычнай групоўкі", - заявіў міністр замежных спраў Ірака Хашіяр Зебары, які знаходзіцца ў Саудаўскай Аравіі.
Інфармацыю аб атрыманні запыту з Багдаду пацвердзіў высокапастаўлены амерыканскі генерал Марцін Дэмпсі. "Мы атрымалі просьбу іракскага ўрада аб авіяцыйнай падтрымцы", - сказаў ён.
Раней газета New York Times са спасылкай на крыніцы ва ўрадах абедзвюх краін паведаміла, што іракскія ўлады неаднаразова звярталіся да Вашынгтону з просьбай нанесці авіяўдары па лагерах баевікоў, але атрымлівалі адмову, паведамляе BBC.
Улады Ірака спрабуюць вярнуць кантроль над вялікай тэрыторыяй у правінцыях Дыяла і Салах-эд-Дзін, раней захопленай баевікамі, а таксама правінцыяй Найнава з другім у значэнні ў Іраку горадам Масул.
Прэм'ер-міністр Ірака Нуры Малікі звольніў некалькі высокапастаўленых афіцэраў за няздольнасць спыніць наступ паўстанцаў, а таксама абвінаваціў Саудаўскую Аравію ў аказанні дапамогі джыхадзістам-сунітам.