26 красавiка 2024, Пятніца, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На «Беларуськаліі» перад прыездам Лукашэнкі расчэсвалі траву

35
На «Беларуськаліі» перад прыездам Лукашэнкі расчэсвалі траву

У Салігорску дагэтуль абмяркоўваюць прыезд у горад дыктатара 19 чэрвеня.

І калі гарадскія ўлады, кіраўнікі розных узроўняў ААТ «Беларуськалій» сканцэнтраваныя ў асноўным на тым, што і як казаў Лукашэнка, якія пажаданні даваў, то звычайныя грамадзяне ўспамінаюць пра іншае. Яны распавядаюць, як начальства стварала патрэбную карцінку, каб дагадзіць Лукашэнку і выключыць непрыемныя нечаканасці, піша «Товарищ онлайн».

- Перад прыездам Лукашэнкі спехам паклалі новы асфальт на трасе ля другога калійнага камбіната, - кажа адзін з працаўнікоў рудаўправы. - Людзей з прадпрыемства выгналі прыбіраць тэрыторыю ўнутры і звонку. Так усё вылізвалі, траву ледзь не расчэсвалі.

Аналагічна чысцілі, фарбавалі і мылі і на іншых рудаўправах. Чутныя размовы аб тым, што на палях паблізу пятага рудніка работнікі прадпрыемства нават валошкі выполвалі, прыводзілі сельгасугоддзі ва ўзорны парадак.

Працаўніца трэцяй рудаўправы, якой давялося прысутнічаць на сустрэчы з Лукашэнкам на гэтай прампляцоўцы, распавядае:

- На гэтую сустрэчу людзей з працоўнага калектыву адбірала начальства загадзя. Інструктаж быў строгі, маўляў, ніякіх пытанняў з уласнай ініцыятывы, тлумачылі, як стаяць, з якім выразам твару. Перад самай сустрэчай усіх, лічы што, абшукалі. Тыя, хто ў сустрэчы не ўдзельнічаў, павінны былі знаходзіцца ў сваіх памяшканнях і ня высоўвацца. Лукашэнка з сынам малодшым прыязджаў. А аховы - то колькі з імі!

Работнік яшчэ адной рудаўправы распавёў, што на сустрэчу з дыктатарам ён дапушчаны не быў. Таксама згадаў аб строгім адборы, і дадаў, што, імаверна, ён асабіста не падышоў, бо раней прыцягваўся да судовай адказнасці.

Агулам, прыезд Лукашэнкі прайшоў для прымальнай стараны без эксцэсаў і неспадзяванак. Але адно здарэнне ўсё ж такі адбылося. Праўда, для Лукашэнкі яно засталося за кадрам. На аўтамабільным коле ў прыцемках нехта выкапаў і вывез з вялікай клумбы 9 туй.

Прасачылася інфармацыя, што гэтыя дарагія дэкаратыўныя дрэўцы былі высаджаныя на клумбе менавіта з прычыны чаканага прыезду Лукашэнкі. Але хтосьці пастанавіў, што асабіста ў яго на лецішчы гэтая туя будзе глядзецца лепш. Міліцыя цяпер паводле гэтага факту праводзіць расследаванне.

Нагадаем, Лукашэнка 19 чэрвеня наведаў Салігорск, дзе правёў сустрэчы з кіраўніцтвам ААТ "Беларуськалій", працоўным калектывам прадпрыемства, наведаў прамысловыя пляцоўкі.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках