Амерыканскі гісторык выдаў кнігу пра Усходнюю Еўропу па-беларуску
- 26.11.2015, 14:16
- 16,463
Кніга з'яўляецца першым навукова-гістарычным выданнем, у якім прыводзіцца параўнанне паміж сталінізмам і гітлерызмам.
У Менску прайшла прэзентацыя кнігі вядомага амерыканскага гісторыка Цімаці Снайдэра «Крывавыя землі. Еўропа паміж Гітлерам і Сталінам».
Кніга выйшла ў серыі бібліятэкі часопіса «Беларускі гістарычны агляд» з фінансавай падтрымкай Польскага інстытута ў Менску.
Гістарычнае выданне выйшла ў свет у перакладзе на беларускую мову і для гэтага аўтар напісаў асобную прадмову. Адзін з ініцыятараў ідэі яе выдання - гісторык Генадзь Сагановіч, паведамляе «Радыё Свабода».
Са словаў удзельнікаў прэзентацыі, кніга з'яўляецца першым навукова-гістарычным выданнем, у якім на падставе фактычных звестак прыводзіцца параўнанне паміж двума таталітарнымі рэжымамі, якія панавалі ў Еўропе: сталінізмам і гітлерызмам.
Прынамсі, у кнізе адлюстраваны маштабны факталагічны агляд злачынстваў, учыненых нацысцкімі і савецкімі рэжымамі на «крывавых землях»: тэрыторыі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, краін Балтыі. У аўтарскім даследаванні параўнаныя матывы і метады дзеяння абодвух дыктатараў, а таксама прыводзяцца некаторыя звесткі аб колькасці забітых. Прынамсі, на думку гісторыка, з 1933 да 1945 гадоў на гэтых тэрыторыях было знішчана 14 мільёнаў чалавек.
Кандыдат гістарычных навук Анатоль Вялікі адзначыў на мерапрыемстве:
«Унікальнасць кнігі ў тым, што наша айчынная гістарыяграфія, і не толькі наша, але і суседніх краін, яна не паднялася да асэнсавання такога маштабу і глыбіні тых гістарычных падзей. У кнізе праводзіцца паралель і прыводзяцца падабенства паміж гэтымі двума рэжымамі. І калі ў кагосьці ёсць яшчэ сумневы адносна таго, што, маўляў, Сталін, пераможца, Савецкі Саюз, то такія ўнутрыпалітычныя працэсы, як Галадамор і рэпрэсіі ставяць яго побач з Гітлерам і такімі ягонымі аперацыямі, як Халакост і іншыя».
Удзел у прэзентацыі ўзялі таксама вядомыя гісторыкі і даследчыкі перыяду сталінскіх рэпрэсій у Беларусі ды гісторык Другой сусветнай вайны Ігар Кузняцоў, Эмануіл Іофе, Сяргей Новікаў, а таксама выкладчыкі ды студэнты гістарычных факультэтаў ВНУ, якія задавалі пытанні і выказвалі свае меркаванні аб кнізе.
Адзін з выдаўцоў - каардынатар праектаў Польскага інстытута ў Менску Аляксандр Гарадзецкі адзначыў:
«У выпадку выдання кнігі Цімаці Снайдэра пытанне падтрымкі не стаяла, бо яна адлюстроўвае гісторыю Беларусі, Польшчы, Украіны. І гэта кніга вядомага аўтара, які вывучае і даследуе гісторыю еўрапейскіх краін. Тым больш, што ў нас быў досвед папярэдняга супрацоўніцтва з гэтым жа аўтарам».
Цімаці Снайдэр - вядомы амерыканскі гісторык, прафесар Ельскага ўніверсітэта, спецыяліст па гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Даследуе пытанні нацыяналізму, таталітарызму, Халакосту ды іншыя. Аўтар шэрагу прац, адзначаных міжнароднымі прэміямі. Папярэдняе выданне Цімаці Снайдэра «Рэканструкцыя нацый» было прысвечана гісторыі станаўлення нацый на тэрыторыі сучаснай Еўропы і перш за ўсё Беларусі, Польшчы і Украіны.