16 лiпеня 2024, aўторак, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязня Дзядка судзяць у Магілёве за зачыненымі дзвярыма

3
Палітвязня Дзядка судзяць у Магілёве за зачыненымі дзвярыма

Мікалай Дзядок павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання.

У магілёўскай турме №4 25 лютага праходзіць суд над палітвязнем Мікалаем Дзядком.

Паводле інфармацыі БелаПАН, судовы разгляд праходзіць у закрытым рэжыме.

Як паведаміла журналістам жонка Мікалая Дзядка Валерыя Хоціна, яе мужу інкрымінуецца злоснае парушэнне рэжыму (артыкул 411 Крымінальнага кодэкса). Сваякі мяркуюць, што Дзядок застанецца за кратамі яшчэ на адзін год. Валерыя Хоціна мяркуе, што ўлады асцерагаюцца выпускаць на свабоду Дзядка, у якога тэрмін зняволення заканчваецца бліжэйшым часам, у год прэзідэнцкіх выбараў. Разам з тым яна мяркуе, што ўлады проста перастрахоўваюцца, паколькі ў руху анархістаў «няма ярка выяўленага лідара, за якім маглі б пайсці людзі».

Дзядку інкрымінуюць больш за дваццаць парушэнняў рэжыму ў месцах зняволення, асноўным з якіх з'яўляецца нашэнне замест турэмнай робы спартыўнага касцюма. Усе парушэнні былі сабраныя з моманту яго заключэння ў 2012 годзе.

Са слоў жонкі, магчыма, пасля суда Дзядка этапуюць з магілёўскай турмы ў нейкую іншую выпраўленчую ўстанову.

На судзе прысутнічае толькі адвакат, родных і блізкіх на слуханне справы таксама не дапусцілі.

Дзядок быў узяты пад варту 3 верасня 2010 года. 27 траўня 2011 года суд Заводскага раёна Менска прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі строгага рэжыму паводле ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства). 5 снежня 2012 г. пастановай суда ўмовы адбыцця пакарання Дзядку былі замененыя на больш жорсткія, і Мікалая перавялі з калоніі №17 Шклова ў турму №4 Магілёва.

Як мяркуе праваабаронцы, падставай для прысуду Дзядку стаў ягоны ўдзел у мірнай дэманстрацыі пратэсту каля Міністэрства абароны супраць сумесных руска-беларускіх вайсковых вучэнняў.

Дзядок павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015 у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках