2 траўня 2024, Чацвер, 10:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістку з Гомля аштрафавалі за рэпартаж пра прадпрымальнікаў

5
Журналістку з Гомля аштрафавалі за рэпартаж пра прадпрымальнікаў

Ларысу Шчыракову пакаралі штрафам за «саўдзел у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ»

У судзе Цэнтральнага раёна Гомля 12 сакавіка суддзя Віктар Казачок разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні да журналіста-фрылансера Ларысы Шчыраковай. Журналістку абвінавацілі ў парушэнні вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ (частка 2 артыкула 22.9 КаАП). 13 студзеня 2015 г. на сайце тэлеканала «Белсат» з'явіўся матэрыял аб праблемах прадпрымальнікаў на рынку «Цэнтральны» Гомля. Міліцыя апытала прадпрымальнікаў, якія трапілі ў кадр на гэтым відэа, і яны далі паказанні, што іх здымала Ларыса Шчыракова. У матэрыялах справы таксама быў адказ з Міністэрства замежных спраў, што гэтая грамадзянка, не акрэдытаваная пры МЗС як карэспандэнтка замежнага СМІ, піша сайт ПЦ «Вясна».

На судзе Ларыса Шчыракова хадайнічала, каб суд дапусціў у якасці яе прадстаўніка юрыста Леаніда Судаленку, і каб працэс вёўся на беларускай мове. Суддзя Віктар Казачок адхіліў гэтыя хадайніцтвы, матываваўшы, што Леанід Судаленка не з'яўляецца адвакатам, а ў Беларусі - дзве дзяржаўныя мовы, і судовае справаводства вядзецца на расейскай мове.

Фактычна журналістка не прызнала сябе вінаватай. Па-першае, нормы заканадаўства аб СМІ датычацца менавіта рэдакцый СМІ, то бок юрыдычных асоб. Ларыса Шчыракова не з'яўляецца юрыдычнай асобай, а фізічнай, таму на яе гэтыя нормы не павінны распаўсюджвацца. Тым больш артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам права на атрыманне і распаўсюд інфармацыі. З тэлеканалам «Белсат» журналістка не мае працоўных стасункаў, дамовы або кантракту, і не з'яўляецца ні штатнай, ні пазаштатнай карэспандэнткай.

На судзе яна пацвердзіла, што сапраўды здымала на рынку прадпрымальнікаў, але гэтае відэа ўтрымоўвала на сваім канале «Youtube», і яго маглі выкарыстоўваць хто заўгодна. «Калі б маё відэа з'явілася на BBC або канале «Аль Джазіра» - то мяне б абвінавацілі ў супрацоўніцтве і з гэтымі каналамі?» - задалася пытаннем на судзе Ларыса Шчыракова.

Суддзя прызнаў, што сапраўды ў артыкуле 22.9 КаАП размова ідзе менавіта аб СМІ, а не фізічных асобах, але пры вынясенні пастановы адзначыў, што журналістку абвінавачваюць у «саўдзеле незаконнага вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ».

Віктар Казачок пакараў Ларысу Шчыракову штрафам у памеры 20 базавых адзінак, што складае 3,6 мільёна рублёў.

З гэтай пастановай журналістка не згодная і будзе яе абскарджваць.

«Калі дзяржава абмяжоўвае правы грамадзян, то яно павінна растлумачыць - для дасягнення якой мэты гэта робіцца. У гэтым выпадку мы не пачулі і не пабачылі - для дасягнення якой мэты абмежавалі правы Ларысы Шчыраковай, гарантаваныя ёй Канстытуцыяй і міжнароднымі прававымі актамі, якія ратыфікавала Беларусь, такімі, напрыклад, як Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах», - пракаментаваў праваабаронца Леанід Судаленка.

Сама журналістка мяркуе, што такімі дзеяннямі ўлады хочуць запалохаць журналістаў напярэдадні выбараў, каб не здымалі сюжэты, не пісалі матэрыялаў аб вострых праблемах, якія існуюць цяпер у эканоміцы, сацыяльным жыцці.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках