29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень Волі ў Менску: Мы - еўрапейцы (Відэа, онлайн)

61

Акцыя, прысвечаная Дню Волі, прайшла ў Менску.

25 сакавіка споўнілася 97 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйныя ўлады нашай краіны не прызнаюць гэтую дату, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.

Акцыі, прысвечаныя гэтаму святу, прайшлі сёння ў Беларусі і за мяжой. Збор удзельнікаў дэманстрацыі ў Менску быў дазволены ля кінатэатра "Кастрычнік" з 15:00 да 16:00, шэсце да плошчы Бангалор - з 16:00 да 17:00, мітынг у парку Дружбы Народаў - з 17.00 да 18.00.

Асноўны дэвіз святкавання Дня Волі ў гэтым годзе - "За мір і незалежнасць". Яго тэмы - незалежнасць Беларусі, салідарнасць з Украінай, а таксама пратэст супраць антыдэмакратычнай палітыкі беларускіх уладаў.

У акцыі, якая праходзіла пад нацыянальнымі і еўрапейскімі сцягамі, узялі ўдзел блізу 2 тысяч чалавек. Ад мітынгу арганізатары мерапрыемства адмовіліся, заклікаўшы тых, хто сабраўся, пасля заканчэння шэсця адзначыць свята ў барах і рэстаранах.

Сайт charter97.org вёў анлайн-трансляцыю з акцыі.

19:00 Пасля акцыі быў затрыманы яшчэ адзін малады чалавек на плошчы Бангалор. Факт затрымання зафіксавалі праваабаронцы.

18:00 Стала вядома аб затрыманні двух чалавек. Каля станцыі метро Плошча Якуба Коласа супрацоўнікі міліцыі затрымалі былога палітвязня Эдуарда Лобава. Адразу пасля праверкі дакументаў яго вызвалілі.

Каля плошчы Бангалор быў затрыманы Сідарук Цімур, які адмовіўся пасля акцыі прыбраць бел-чырвона-белы сцяг.

17:05 Лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіў перад прысутнымі ў Парку дружбы народаў і сказаў, што шэсце скончанае, мітынгу не будзе. Палітык прапанаваў святкаваць Дзень Волі ў барах Менска. Доктар гістарычных навук Арсень Ліс распавёў "Нашай Нiве", што ён здзіўлены, колькі моладзі выйшла на шэсце, і ад гэтага ў яго "слёзы на вачах".

16:52 Калона падыходзіць да плошчы Бангалор. Людзі скандуюць "Пуцін - фашыст". У калоне - блізу 2 тысяч чалавек.

16:41 Арганізатар акцыі Аляксей Янукевіч паведаміў, што мітынгу на плошчы Бангалор не будзе. Са слоў старшыні Партыі БНФ, па-першае, мітынгі не выклікаюць вялікай цікавасці ва ўдзельнікаў, а па-другое, у арганізатараў няма гукаўзмацняльнай апаратуры. Янукевіч сказаў, што калі калона прыйдзе да плошчы Бангалор, арганізатары падзякуюць удзельнікам і папросяць іх разыходзіцца.

16:39 На будынку на скрыжаванні вуліц Сурганава і Куйбышава невядомыя патрыёты вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сцяг.

16:36 Некаторыя ўдзельнікі акцыі паведамляюць пра затрыманні двух чалавек, якія аддзяліліся ад калоны. Гэтыя звесткі пакуль не пацвярджаюцца.

16:32 Калона праходзіць скрыжаванне вуліц Сурганава і Куйбышава. У ёй, паводле звестак журналістаў "Радыё Свабода", - ад 1500 да 2 тысяч чалавек.

16:30 Адна з удзельніц акцыі нясе плакат з партрэтамі палітвязняў.

16:25 У акцыі бяруць удзел былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў, кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, моладзевыя актывісты Максім Вінярскі і Мікалай Дземідзенка.

"Я прапусціў тры Дні Волі, пакуль быў за кратамі. Для мяне браць удзел у такіх акцыях - справа прынцыпу. Беларусы павінны выходзіць на шэсце ў Дзень Волі, каб паказаць сваё адзінства", - сказаў Алесь Бяляцкі. Ён падкрэсліў, што пагроза страты незалежнасці прымусіла многіх па-іншаму зірнуць на гадавіну абвяшчэння БНР.

16:10 Шэсце ідзе па вуліцы Сурганава. Людзі скандуюць "Жыве Беларусь", "Слава Украіне" і спяваюць патрыятычныя песні.

16:07 Два чалавекі падышлі да ўдзельнікаў шэсця і пачалі крычаць: "Калі вы за незалежнасць, то чаму ідзяце пад сцягамі ЕЗ". Пасля беспаспяховых спробаў справакаваць людзей на дзеянні ў адказ яны сышлі.

16:00 Калона пачала рух па тратуары праспекта Незалежнасці ў бок вуліцы Сурганава.

15:57 Супрацоўнікі праваахоўных органаў вядуць відэаздымку ўдзельнікаў акцыі. Перад акцыяй пляцоўку, на якой сабраліся людзі, абшукалі сапёры, паведамляе сайт ПЦ "Вясна".

15:50 Многія прысутныя адзначаюць, што ў гэтым годзе Дзень Волі носіць асаблівае значэнне праз агрэсію Расеі. Прынамсі, пра гэта заявілі лідар руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч і былы старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

15:37 Удзельнікі акцыі разгарнулі транспарант "Расея - гэта вайна".

15:30 Дзясяткі маладзёнаў спяваюць "Грай" Сяргея Міхалка, паведамляе "Радыё Свабода". На пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік" - больш за тысячу чалавек, паведамляе "Еўрарадыё".

15:20 Актывісты разгортваюць новыя плакаты. Многія з іх - з еўрапейскай сімволікай.

15:15 Прысутным раздаюць брашуры, дзе раздрукаваныя тэксты песень: "Грай" Сяргея Міхалка, "Пагоня" Максіма Багдановіча, "Наш сцяг", "Не быць скотам", а таксама гімн Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэксты падрыхтавалі актывісты "Арт-сядзiбы".

15:14 З палітыкаў прысутнічаюць Аляксей Янукевіч, Павел Севярынец, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, Ігар Лялькоў, Юры Губарэвіч, пісьменнік Уладзімір Арлоў, тэатральны рэжысёр Валерый Мазынскі.

15:10 На пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік" ужо сабраліся некалькі сотняў чалавек. У многіх з іх - нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі Украіны. Гучаць лозунгі "Жыве Беларусь" і "Беларусь - у Еўропу". Людзі спяваюць "Пагоню" Максіма Багдановіча.

15:07 Актывісты "Еўрапейскай Беларусі" паднялі сцягі кампаніі. Таксама яны разгарнулі транспаранты "Мы - еўрапейцы" і "Беларусь - у Еўропу".

"Дзень Волі - галоўнае свята для патрыётаў нашай краіны. У 1918 годзе нашы продкі цвёрда заявілі пра еўрапейскі выбар Беларусі. Сёння мы прадаўжаем іх справу", - распавёў charter97.org адзін з актывістаў кампаніі.

15:00 Удзельнікі акцыі разгортваюць першыя плакаты. На адным з іх - лозунг у падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, паведамляе "Радыё Рацыя".

14:55 Святкаванне Дня Волі ў рэгіёнах забароненае. Мясцовыя ўлады адхілілі ўсе заяўкі на правядзенне вулічных мерапрыемстваў, паведамляе прэс-служба Партыі БНФ.

14:50 На пляцоўцы каля кінатэатра "Кастрычнік" з'яўляюцца першыя ўдзельнікі акцыі. У некаторых з іх у руках - паветраныя балонікі колераў нацыянальнага сцяга.

14:35 У адрозненне ад акцый, у Дзень Волі, якія праходзілі раней, у гэтым годзе няма інфармацыі аб прэвентыўных затрыманнях грамадскіх актывістаў.

14:31 Канцэрт на плошчы Бангалор у Дзень Волі скасаваны. Арганізатары святкавання Дня Волі заявілі аб скасаванні запланаванага на мітынгу канцэрту, паведамляе Tuzin.fm.

На мітынгу на плошчы Бангалор а 17.00 павінны былі выступіць Amaroka, «Мутнаевока» і ZnaROCK. Як сцвярджае адзін з арганізатараў акцыі Мікіта Семяненка, "усе музыкі непасрэдна сёння адмовіліся ад удзелу". "Камусьці страшна, хтосьці не паспявае з працы", - сказаў ён.

14:30 Як паведамляюць charter97.org чытачы, да месца пачатку акцыі традыцыйна пачалі звозіць сілавікоў і прыганяць аўтазакі.

Нагадаем, 97 гадоў таму была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гістарычная падзея адбылося 25 сакавіка 1918 года. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла ў Менску Трэцюю Статутную грамату, у якой абвяшчалася поўная незалежнасць краіны. Упершыню ў гісторыі ў нашага народа з'явілася магчымасць стварыць уласную дзяржаву.

Напісаць каментар 61

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках