24 чэрвеня 2019, панядзелак, 15:45
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Беларусь - плацдарм для нападу на краіны Балтыі і Польшчу

23

Польская «Gazeta Wyborcza» апублікавала артыкул лідара «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Саннікава.

У лістападзе мінулага года ў аўстралійскім Брысбене адбыўся саміт G20. Гаспадары запрасілі да ўдзелу ў ім галоўнага сусветнага агрэсара Уладзіміра Пуціна. Пастанова была спрэчнай, але аўстралійцы правялі саміт на вышэйшым узроўні. «Сямёрка» ўсярэдзіне «дваццаткі» прадэманстравала Пуціну адзінства, рашучасць, паслядоўнасць і сілу. Такога аднадушнага асуджэння расейскай агрэсіі ва Украіне не было ні да, ні пасля Брысбена. На пару дзён на фоне бясконцых апошніх папярэджанняў, дамаўленняў і «чырвоных ліній» была прадэманстраваная рэальная сіла Захаду, гатовага абараняць свае каштоўнасці, піша лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Андрэй Саннікаў у вядучым выданні Польшчы «Gazeta Wyborcza».

На Аўстралію ў Пуціна былі вялікія планы, ён разлічваў дамагчыся пакетнага пагаднення аб Украіне ў сваю карысць, скарыстаўшыся прысутнасцю на саміце сваіх патэнцыйных хаўруснікаў з БРІКС, Мексікі, Аргенціны, Турцыі. Ён імкнуўся прасунуць гутарку аб «федэралізацыі» Украіны, г.зн. аб яе раздзяленні, а, можа, і зафіксаваць нейкія дамоўленасці аб раздзеле Украіны.

Больш чым халодны прыём у Брысбене, арганізаваны сусветнымі лідарамі, рэзкае асуджэнне расейскай агрэсіі, наўпроставыя патрабаванні «прыбірацца з Украіны», цвёрды намер увесці жорсткія санкцыі Пуціна ашаламілі. Усе ягоныя планы абрынуліся, а патэнцыйныя хаўруснікі, прысутныя на саміце, убачыўшы рашучасць Захаду, не асмеліліся нават фізічна наблізіцца да апальнага расейскага кіраўніка.

Што здарылася з лідарамі «сямёркі» і Еўразвязу пасля Брысбена - загадка. Замест рашучых дзеянняў зноў пайшлі невыразныя заявы аб «яшчэ адным шанцы» для крамлёўскага кіраўніцтва, аб новых перамовах з агрэсарам. Усё гэта скончылася Менскам у лютым і прадказальным правалам гэтых перамоваў.

Менск і стаў рэваншам Пуціна за Брысбэн. Ён яго старанна падрыхтаваў, добра прадумаў і эфектна выканаў. Пуціну патрэбная была канцлерка Нямеччыны Мэркель і сустрэча з ёй на сваёй тэрыторыі, за якую ён уважае лукашэнкаўскі палац у Менску. Было зразумела, што менавіта выбар месца і вызначае змест і мэту сустрэчы Пуціна з Мэркель, Аландам і Парашэнкам: дамагчыся нейтралізацыі эфекту Брысбена, заблытаць Захад у хлусні, каб адцягнуць прымяненне санкцый, атрымаць перадышку, перагрупавацца і прадоўжыць наступ на ўсходзе Украіны. Яму гэта ўдалося.

Наўпроставым следствам менскіх вячорак стала ўзяцце сепаратыстамі найбуйнейшага чыгуначнага вузла Дэбальцава і працяг здзекаў у расейскім палоне над украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанкай, якую, нібыта, дамовіліся вызваліць.

Дзіўна, што лідары Еўразвяза не разумелі пагрозлівага значэння Менска для Захаду і для Украіны. Дзіўна, што і пасля таго, як стала зразумела, што менская ноч ніякім світанкам для Украіны не скончылася, еўрапейцы працягваюць вітаць пасярэдніцкую ролю дыктатара Лукашэнкі ў перамовах аб Украіне. Больш за тое, Еўропа арганізавала цэлы турыстычны маршрут у Менск на паклон да Лукашэнкі, у якім паўдзельнічалі і ЗША.

Захад усё яшчэ спрабуе разглядзець у шматгадовым дыктатары Лукашэнку «меншае зло», не разумеючы, што рэжым у Беларусі і крамлёўскі рэжым ідуць адным курсам, падтрымліваючы адзін аднаго. Гэтыя рэжымы аднолькавыя паводле сваёй прыроды, сыходзяць сваімі каранямі ў савецкае мінулае і ўмела карыстаюцца заходнімі грашыма для падаўлення ўсіх грамадзянскіх свабодаў.

Савецкая «імперыя зла» нікуды не знікла. Савецкі Саюз разваліўся, але пасеянае ім зло прарасло і ператварылася ў «кааператыў дыктатараў», які трывала абгрунтаваўся на тэрыторыі, якая адрынула дэмакратыю, затое спрактыкавалася ў гвалце, карупцыі, хлусні і пагардзе да чалавека. Гэты кааператыў, супольнасць дыктатур, якія падтрымліваюць адна адну і ў якіх першыя ролі належаць Лукашэнку і Пуціну, нашмат страшнейшыя і небяспечнейшыя, чым былая савецкая імперыя.

Пуцін падтрымлівае аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы на тэрыторыі былога СССР, не дапускае ў іх ні найменшых парасткаў дэмакратыі і дапамагае душыць тое, што здолела прарасці. Гэта і ёсць база падтрымкі цяперашняга крамлёўскага кіраўніка і рэсурс для ягонай агрэсіі ў Еўропе. Менавіта таму Пуцін развязаў вайну ва Украіне: адзін з дыктатараў, Януковіч, не здолеў утрымаць уладу, і ўкраінскі народ прабіў пралом у плоце «кааператыва дыктатараў». Януковічу проста не хапіла часу, каб стварыць ва Украіне дыктатуру наконт мадэлі Лукашэнкі. На выбар украінскага народа Пуцін адказаў вайной, якая пагражае ўсёй Еўропе. Ён абараняе сваё асяроддзе пражывання, сваіх дыктатараў.

У Захаду ёсць усе сродкі для таго, каб гэтую вайну спыніць. Нават не пастаўкамі ўзбраенняў ва Украіну, на якія яна мае поўнае права. Ёсць цэлы арсенал санкцый - палітычных, эканамічных, фінансавых, інфармацыйных, персанальных. Патрэбна паслядоўнасць, рашучасць і бесперабойнасць у нарошчванні санкцый. Прычым, санкцыі ў абарону правоў і свабодаў чалавека павінны распаўсюджвацца на ўсіх членаў «кааператыва дыктатараў», інакш пагрозы міжнароднаму міру не пазбегнуць і Украіну не выратаваць.

Трэба ўнесці нейкую логіку ў палітыку Еўразвяза ў абароне каштоўнасцяў, якая сёння не заўсёды ўлоўная. Цяжка, напрыклад, растлумачыць, чаму Латвія выказвае згоду з нагоды запрашэння Лукашэнкі на саміт Усходняга партнёрства ў Рыгу (травень 2015 года). Яго там быць не павінна. Ніякіх зменаў у палітыцы рэжыму не адбылося, наадварот, рэпрэсіі ўзмацніліся.

Брусэль мяркуе, што лавіраванне Лукашэнкі ў пытанні аб вайне ва Украіне варта вітаць, але пры гэтым забывае, што натуральным плацдармам для нападу на краіны Балтыі і Польшчу для Крамля з'яўляецца тэрыторыя Беларусі, і гэта стала магчымым толькі дзякуючы рэжыму Лукашэнкі.

Дэмакратычнаму свету сёння патрэбен дух Брысбена. Еўрапейскі лідар, Нямеччына, прыйшла да дэмакратыі, бяспекі і дабрабыту пасля разгрому фашызму. Дыктатуры павінны абрынуцца: і вялікія, і маленькія. У гэтым залог еўрапейскай бяспекі.

Інакш вельмі хутка «Іванушкі International» з’явяцца ў Еўропе, і гэта будзе зусім не папулярны ў Расеі ў 90-я гады поп-гурт.